Менгарвыканкам vs прадпрымальнікi Чэрвеньскага рынку


У актавай зале менскай сярэдняй школы № 55 прайшла сустрэча прадпрымальнікаў Чэрвеньскага рынку з прадстаўнікамі Менгарвыканкаму і адміністрацыі Ленінскага раёну сталіцы.

Як паведаміў на ёй намеснік старшыні камітэту эканомікі Менгарвыканкаму, начальнік упраўлення прадпрымальніцтва Аляксандр Каліноўскі, Чэрвеньскі рынак спыніць працу 1 студзеня 2012 г. Паводле яго, будзе цэнтралізавана вырашацца пытанне пра перанос гандлёвых месцаў прадпрымальнікаў на іншыя аб’екты.

У сярэдзіне студзеня чакаецца, што іранская кампанія «Didas» пачне падрыхтоўчыя працы для будаўніцтва гандлёвага цэнтру на тэрыторыі гэтага рынку.

Сёлета ўлетку старшыня Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька паабяцаў прадпрымальнікам рынку, што для іх падрыхтуюць новую пляцоўку ў мікрараёне Лошыца.

Аднак на сустрэчы прадпрымальнікі даведаліся ад Аляксандра Каліноўскага, што пакуль ім «няма куды перамяшчацца» – будаўніцтва новай гандлёвай пляцоўкі яшчэ не распачалі, бо на гэта не былі прадугледжаныя бюджэтныя сродкі, да таго ж эканамічная сітуацыя ў краіне «рэзка змянілася».

Прадпрымальнікі намагаліся пераканаць чыноўнікаў:

«У 1991 годзе дробным прадпрымальнікам дазвалялі не плаціць арэнднай платы, падатку, каб людзі маглі выжыць. А тут выкідваюць на вуліцу больш за тысячу чалавек».

«Калі вы не можаце нас перамясціць, працягніце арэнду на два гады».

«Вы робіце, як вам выгадна, а 1300 чалавек застаюцца без сродкаў да існавання».

На што прадстаўнікі гарвыканкаму параілі працаўнікам перамясціцца на іншыя гандлёвыя аб’екты, сярод якіх «Ждановічы» і Камароўскі рынак. Далёка не ўсе прадпрымальнікі з энтузіязмам успрынялі парады чыноўнікаў і вырашылі звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта са скаргаю на парушэнне сваіх правоў.

belsat.eu

Стужка навінаў