Прымусілі ўлады паварушыцца


Магілёўскія ўлады ў адказ на калектыўны зварот грамадзянаў просяць Савет Міністраў разгледзець магчымасць выдавання льготаў на праезд мясцовым студэнтам і навучэнцам.

Напрыканцы верасня студэнты магілёўскіх навучальных установаў і актывісты кампаніі «Гавары праўду!» сабралі і адправілі магілёўскім гарадскім і абласным уладам, а таксама прэм’ер-міністру Міхаілу Мясніковічу 526 подпісаў за вяртанне бясплатнага праезду студэнтам у Магілёве і вобласці.

Як распавёў ініцыятар звароту і збору подпісаў Аляксей Паўлоўскі, 28 кастрычніка яму прыйшоў адказ з Магілёўскага абласнога савету дэпутатаў за подпісам старшыні Уладзіміра Панцюхова. У лісце гаворыцца, што цяпер студэнтам, якія навучаюцца ў Беларусі, аказваецца значная сацыяльная дапамога ў адпаведнасці з рознымі заканадаўчымі актамі. Акрамя таго, з 1 лістапада 2011 г. усталёўваецца штомесячная даплата да стыпендыі.

«Па вашым калектыўным звароце Магілёўскі аблвыканкам звярнуўся з хадайніцтвам у Савет Міністраў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон РБ ад 14.06.2007 года № 239 «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў» у частцы выдавання льготаў для праезду студэнтаў і навучэнцаў у грамадскім транспарце», – адзначаецца ў адказе старшыні Магілёўскага абласнога савету дэпутатаў.

«Прымусілі іх хоць трошкі паварушыцца. А то ў Менску бясплатна студэнты ездзяць, а астатнія, атрымліваецца, дыскрымінаваныя», – пракаментаваў адказ ініцыятар звароту.

«Магілёўскі абласны савет указаў на нейкія льготы і падтрыманне, але яны ні ў якой ступені не кампенсуюць росту коштаў, які цяпер адбываецца. Гэта мізер. Нашым студэнтам тэрмінова патрэбныя льготы на праезд, бо іх бацькі не маюць магчымасці аплачваць паездкі сваіх дзяцей на заняткі», – заявіў Аляксей Паўлоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў