«Еўрарадыё» акрэдытавалі, а яго журналістаў – пакуль не


МЗС Беларусі яшчэ на год працягнуў акрэдытацыю карпункту «Еўрапейскага радыё для Беларусі». Рашэння наконт дванаццаці журналістаў, акрэдытацыя якіх заканчваецца 30 лістапада, пакуль няма.

Як паведамілі ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёння ў Беларусі цэлы шэраг карэспандэнтаў замежных электронных медыяў вымушаны працаваць без акрэдытацыі. У прыватнасці – журналісты «Радыё Рацыя» і тэлеканалу «Белсат».

Тэлеканал «Белсат» спрабаваў акрэдытавацца двойчы. Першы раз прадстаўніцтву Польскага тэлебачання (TVP) у Беларусі адмовілі з той прычыны, што кіраўніцтва каналу нібыта падало няпоўны камплект дакументаў. У 2009 г. «Белсат» абвінавацілі ў папярэдняй працы без акрэдытацыі.

4 лістапада, адказваючы на пытанні польскіх журналістаў, Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна «Белсату» і адмоваў акрэдытацыі журналістаў нашага тэлеканалу. «Мне здаецца, адна можа быць прычына – калі яны антыбеларускую прапаганду там вядуць, на гэтым канале, то і правільна робяць, што адпаведныя структуры іх не рэгіструюць у Беларусі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў