Пакаранні за акцыі салідарнасці


Сёння прайшлі суды над удзельнікамі акцыі салідарнасці з палітзняволенымі.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Міхаіл Ермалюк асуджаны Цэнтральным судом Менску на 5 дзён адміністратыўнага арышту. Вольга Бандарэнка правядзе за кратамі 10 дзён, Юлію Сцяпанаву аштрафавалі на 30 баз. вел. Справы дзяўчын разглядаліся ў Кастрычніцкім судзе сталіцы. Як паведаміў «Белсату» Павал Юхневіч, усіх актывістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

Цяпер тэрміны адміністратыўнага арышту ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна ў Менску адбываюць 8 актывістаў. Заўтра на волю маюць выйсці тры з іх: Алег Рахоўскі, Аляксандр Салдаценка і Алег Ракоўскі, якія атрымалі па 7 дзён адміністратыўнага арышту за ўдзел у акцыі салідарнасці 25 кастрычніка. За кратамі застаюцца былы палітвязень Сяргей Казакоў (10 дзён арышту за акцыю 25 кастрычніка), каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі (10 дзён за акцыю 24 кастрычніка), а таксама асуджаныя за акцыю 26 кастрычніка Аляксандр Вялітчанка (10 дзён арышту), Мікіта Каваленка (15 дзён арышту) і Сяргей Лыскоў (10 дзён арышту).

Аднак, нягледзячы на рэпрэсіі, актывісты збіраюцца працягваць акцыі салідарнасці. Як заявіў каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Валанцэвіч, каб пазбегчы затрыманняў, акцыі збіраюцца праводзіць не толькі на Кастрычніцкай плошчы. Ён таксама заклікаў усіх прыхільнікаў кампаніі больш актыўна распаўсюджваць інфармацыю пра палітвязняў.

belsat.eu

Стужка навінаў