Супраць Аляксандра Малчанава пачалі крымінальную справу?


Пра гэта маці былога палітвязня Галіне Малчанавай паведамілі, калі яна панесла сыну перадачу ў ІЧУ.

«Перадачу браць не хацелі, накіравалі мяне да намесніка начальніка РАУС. Той і заявіў, што супраць сына пачалі справу за знявагу дзяржаўных сімвалаў. Але крыху пазней міліцыянт дазвол на перадачу ўсё ж падпісаў, заявіўшы, што ён пераблытаў прозвішча майго сына з іншым фігурантам гэтай справы», – распавяла «Белсату» Галіна Малчанава.

Жанчына гаворыць, што ёй пакуль дакладна не вядома, ці сапраўды яе сына вінавацяць у крымінальным злачынстве. Цяпер высвятленнем гэтага пытання займаюцца прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна». Паводле папярэдняй інфармацыі, пераслед з боку міліцыі Аляксандр Малчанаў зазнаў пасля таго, як 26 кастрычніка ў цэнтры Барысава былі залітыя фарбай дзяржаўныя сцягі.

Былы палітвязень адбывае цяпер 10 дзён адміністратыўнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі». Яго затрымалі, нагадаем, уначы з 26 на 27 кастрычніка. Пасля затрымання ў прыватным доме, дзе Аляксандр жыве разам з маці, прайшлі два ператрусы. «Усю хату перавярнулі дагары нагамі. Павыкідалі з шафаў рэчы і кнігі, павыварочвалі матрацы, нават спускаліся ў склеп, куды з нас даўно ніхто не ходзіць, бо там зламаная лесвіца. Што шукалі, не вядома, але забралі камп’ютар», – успамінае Галіна Малчанава. Жанчына ўпэўненая, што ейнаму сыну хочуць «прышыць нейкую новую справу».

Абвінавачанне паводле арт. 370 («Знявага дзяржаўных сімвалаў») Крымінальнага Кодэксу Беларусі можа пацягнуць за сабою пакаранне ў выглядзе грамадскіх працаў або штрафу, або папраўчых працаў на тэрмін да двух гадоў, або арышту на тэрмін да трох месяцаў, або абмежавання волі на тэрмін да года.

belsat.eu

Стужка навінаў