Прэзідэнтам Кыргызстану стане прарасейскі кандыдат


Прэм’ер-міністр Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў перамог на прэзідэнцкіх выбарах. “Ужо можна дакладна сказаць, што другога туру выбараў не будзе”, – заявіў кіраўнік ЦВК рэспублікі Туйгунаалы Абдраімаў на прэс-канферэнцыі ў панядзелак. Паводле звестак з 90 % выбарчых участкаў, за Атамбаева прагаласавалі больш за 60 % выбарнікаў.

Для перамогі кандыдату трэба атрымаць больш за 50 % галасоў. Ягоныя асноўныя канкурэнты, Адахан Мадумараў і Камчыбек Ташыеў, набралі 14 % галасоў кожны. Агулам на пост кіраўніка краіны прэтэндавалі 16 чалавек.

Паводле звестак штабоў кандыдатаў на прэзідэнта, якія пацвердзіла і ЦВК, на трох участках была спроба ўкідання бюлетэняў. “Я даў распараджэнне разабрацца з найбольш грубымі парушэннямі, пра якія ўчора гаварылася, – і ў выпадку іх пацверджання ануляваць вынікі галасавання на гэтых участках”, – сказаў кіраўнік Цэнтрвыбаркаму.

Выбары ёсць галоўным тэстам для смелых рэформаў, распрацаваных з тым, каб зрабіць Кыргызстан першаю парламенцкаю дэмакратыяй у Цэнтральнай Азіі пасля двух дзесяцігоддзяў аўтарытарнага кіравання, вынікам якіх стала леташняя крывавая рэвалюцыя.

Адсутнасць парушэнняў на выбарах будзе азначаць першую мірную перадачу ўлады ў пераважна мусульманскай краіне, дзе працуюць як расейскія, гэтак і амерыканскія вайскова-паветраныя базы. Аднак некалькі кандыдатаў ужо аспрэчылі вынік.

60-адсоткавы вынік дазваляе Атамбаеву пазбегчы другога туру, у якім ён мог бы сутыкнуцца з патэнцыйна моцным канкурэнтам з поўдня. Ягоных асноўных канкурэнтаў сур’ёзна падтрымліваюць на поўдні краіны, які лічыцца нацыяналістычна арыентаваным, але слабым эканамічна. Яны паабяцалі аспрэчыць вынікі галасавання, калі палічаць іх несправядлівымі. Тым часам дэманстрацыя незадаволенасці грамадства стварае пагрозу масавых беспарадкаў і яшчэ больш глыбокага падзел паміж поўначчу і поўднем.

Трэба дадаць, што на поўдні Адахана Мадумарава і Камчыбека Ташыева падтрымалі кіргізы, а дзейнага прэм’ер-міністра – этнічныя ўзбекі. Некаторыя з іх лічаць ягоныя цесныя сувязі з Расеяй гарантыяй таго, што ў краіне не паўтарацца сутыкненні, якія за некалькі чэрвеньскіх дзён 2010 г. прынеслі сотні чалавечых ахвяраў.

belsat.eu

Стужка навінаў