Берасцейцы патрабуюць права на свабоду сходаў


Група жыхароў Берасця праз суд спрабуе дабіцца магчымасці правядзення пікетаў супраць рэпрэсій у дачыненні да палітычных апанентаў улады і грамадзянскіх актывістаў.

Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк, заяўку на правядзенне такіх акцый у Берасцейскі гарвыканкам падаваў жыхар абласнога цэнтра намеснік старшыні РГА “Перспектыва” Віктар Чайкоўскі. Серыя пікетаў планавалася з мэтай прыцягнуць увагу гараджан да фактаў выкарыстання ўладамі артыкулаў Крымінальнага кодэкса для ўзяцця пад варту палітычных апанентаў улады, а таксама да фактаў катаванняў і жорсткага абыходжання ў дачыненні да зняволеных — апанентаў улады і грамадзянскіх актывістаў.

Акцыі планавалася праводзіць штодзённа з 1 па 5 кастрычніка ад 17.00 да 19.00 у розных месцах пад лозунгам “Свабоду палітзняволеным! Спыніць катаванні і пераслед!”. Апрача заяўніка ў іх мелі намер узяць удзел і іншыя грамадскія актывісты з Брэста. Аднак гарвыканкам адмовіў у правядзенні акцый, матывуючы гэта тым, што ў заяўцы ўказаны месцы, не прызначаныя для правядзення акцый, і да заяўкі не прыкладзены дагаворы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.

Скаргу ў суд Ленінскага раёна Берасця на забарону пікетаў накіравалі чатыры чалавекі: заяўнік акцый Віктар Чайкоўскі, а таксама Раман Кісляк, каардынатар РГА “Перспектыва” па Брэсце Уладзімір Катрыч і каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Шурхай.

Паводле слоў Кісляка, у заяўцы былі ўказаны і месцы, дзе правядзенне масавых мерапрыемстваў афіцыйна не забаронена. “Але нам адмовілі ва ўсіх пяці пікетах, — канстатаваў праваабаронца. — Мы патрабуем прызнаць забарону на правядзенне заяўленых акцый неправамернай, якая ўшчамляе нашы грамадзянскія правы: права на свабоднае выказванне свайго меркавання, права не зведваць дыскрымінацыю па прыкмеце перакананняў”.

Як мяркуе праваабаронца, “гэта забарона паказала: улада не дапусціць правядзення мерапрыемстваў у форме пікетавання нідзе, апрача дзвюх рэзервацый — стадыён “Лакаматыў” і пляцоўка каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія вызначаны ў Брэсце мясцовай уладай для правядзення масавых мерапрыемстваў”.

belsat.eu

Стужка навінаў