Са спецсховішча ў друк


https://youtu.be/RSWkj0plnaM
У Горадні адбылася прэзентацыя перавыдання расейска-беларускага слоўніка Міколы Байкова і Сцяпана Некрашэвіча. Першы раз кнігу надрукавалі на хвалі беларусізацыі 1920-х гг.

Доўгія гады слоўнік Байкова і Некрашэвіча быў дасяжны толькі ў спецсховішчах. Пасля атрымання незалежнасці неаднаразова ўзнімалася пытанне пра перавыданне, але толькі цяпер справу давялі да канца.

Складальнікі слоўніку імкнуліся пазбягаць штучных наватвораў, русізмаў ды паланізмаў і аддавалі перавагу словам, што жылі ў народнай і літаратурнай мове раней. Паводле мовазнаўцаў, гэта робіць выданне вельмі актуальным для беларусаў і сёння.

«Бяда беларускай мовы апошняга дзесяцігоддзя, пятнаццацігоддзя – гэта тая, што вельмі шмат калек, зрусіфікаваных выразаў з расейскай мовы, цэлых устойлівых фразаў, якія аўтаматычна пераходзяць у беларускую. Словы ўсе нібыта беларускія, але самыя выразы абсалютна не адпавядаюць беларускай мове», – кажа журналіст Уладзімір Хільмановіч.

Слоўнік утрымлівае больш за 60 тыс. словаў. Шмат якія словы і выразы пасля былі выкрасленыя савецкімі рэдактарамі «дзеля збліжэння братэрскіх моваў». За што выданне і трапіла ў спецсховішча.

«Слоўнік сапраўды прэзентуе вялікае лексічнае багацце. Прычым прэзентуе тое багацце, якое было выкрасленае пасля ў слоўніках пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы або Андрэя Александровіча. Ён, вядома, не створаны па тое, каб рабіць нейкую тапанімічную рэвалюцыю, а для людзей, што хочуць вучыцца і дасканаліць сваю мову, якія хочуць ведаць больш сінонімаў або даведацца пра беларускамоўную тэрміналогію», – кажа выдавец Валер Булгакаў.

У адрозненне ад працы, якая хоць і амаль праз 90 гадоў, але ўсё ж такі была перавыдадзеная, лёс яе аўтараў скончыўся трагічна. Сцяпана Некрашэвіча арыштавалі ў 1930 г. і расстралялі ў 1937-м. Што сталася з Міколам Байковым, якога арыштоўвалі ў 1930-м і 1945-м, не вядома дагэтуль.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары