Шэсце ў Курапаты


Прыкладна тысяча чалавек узяла ўдзел у мітынгу, які прайшоў сёння ў Курапатах — месцы масавага знішчэння ахвяраў таталітарызму. Мітынг і шэсце ва ўрочышча былі прымеркаваныя да дня памінання продкаў – Дзядоў.

Удзельнікі акцыі неслі расцяжкі з надпісамі «Дзяды», «Ушануйма ахвяраў Курапат», «Абаронім Беларусь ад расейскага імперыялізму», а таксама бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», аб’яднання «Маладыя дэмакраты» і нефармальнага руху «Маладая Беларусь». Дэманстранты таксама неслі драўляныя крыжы, якія паставяць у Курапатах.

З вядомых апазіцыйных палітыкаў у акцыі ўзялі ўдзел Вінцук Вячорка і Віктар Івашкевіч, моладзевыя актывісты Мікалай Дземідзенка і Андрэй Кім, лідары прадпрымальніцкага руху Аляксандр Макаеў і Алесь Таўстыка.

«Я вельмі ўсцешаны, што з кожным годам на Дзяды прыходзіць усё больш людзей, – падзяліўся з журналістамі адзін з заяўнікаў шэсця, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі, – шмат хто далучаецца потым, па шляху. Калі прыходзім у Курапаты, бачым: кожны год усё больш і больш людзей, асабліва моладзі. Калі 20 гадоў таму гэта былі сталыя людзі, якія памяталі сталінізм, якія шлі са сваім болем, то цяпер прыходзіць шмат маладых».

Паводле Беленькага, фармат акцыі – ранейшы, адметнасць толькі ў фоне – у стане грамадства, палітычнай сітуацыі. «Але галоўнае, – падкрэсліў ён, – Дзяды адбываюцца, ідэя, якая была пакладзеная, застаецца».

«Я не ацэньваю дзейснасці акцыі паводле колькасці ўдзельнікаў, – адзначыў Вінцук Вячорка. – Думаю, людзей сёння дастаткова, каб пераканацца, што, нягледзячы на псіхалагічнае прыгнечанне, нягледзячы на крызіс, які вымушае думаць пра выжыванне, ёсць людзі, якія мысляць катэгорыямі Беларусі, катэгорыямі памяці. Менавіта яны прыходзяць на акцыі, падобныя Дзядам».

На пытанне, у чым адметнасць сённяшніх Дзядоў, палітык адказаў: «Адзін з асноўных ініцыятараў Дзядоў 1988 года – тагачасны лідар згуртавання «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі – сёння знаходзіцца ў турме. Гэта тая новая якасць, якой, здаецца, яшчэ ніколі не было падчас дзядоўскіх ушанаванняў. І ў гэтым сэнсе Дзяды звязаныя з памяццю пра адабраную ў нас свабоду і пра тых людзей, якія сёння знаходзяцца ў вязніцах, таму што яны хочуць свабоды для Беларусі».

Шэсце праходзіла па маршруце: праспект Незалежнасці – вуліца Каліноўскага – вуліца Сядых – вуліца Карбышава – вуліца Гамарніка – вуліца Мірашнічэнкі. Калону суправаджалі прыкладна тры дзясяткі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Побач з дэманстрантамі таксама ехаў міліцэйскі аўтамабіль з гукаўзмацняльнай апаратураю.

Яшчэ адзін арганізатар акцыі, Алесь Чахольскі, у сваю чаргу зазначыў: у 2001 г. у Курапатах паставілі ўсяго 20 крыжоў, а цяпер іх каля тысячы. «Я спадзяюся, што калі-небудзь у Курапатах кожны бязвінна расстраляны тут атрымае сваю магілу і свой крыж», – сказаў ён.

Мітынг закончыўся каля памятнага каменя выкананнем гімну «Магутны Божа».

belsat.eu

Стужка навінаў