«Усходняе партнёрства» дапаможа еўрапеізаваць Беларусь?


Зацверджаны мемарандум аб супрацы ў межах Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці “Усходняга партнёрства” (ФГС УП). Тэкст мемарандуму зацверджаны 29 кастрычніка ў Менску на канферэнцыі “Грамадзянская супольнасць Беларусі: напярэдадні Трэцяй штогадовай сустрэчы ФГС УП”.

“У сваёй дзейнасці мы прытрымліваемся каштоўнасцяў свабоды, дэмакратыі, правоў чалавека, вяршэнства закону і выказваем намер спрыяць далучэнню Беларусі да агульнаеўрапейскіх палітычных, эканамічных і культурных працэсаў, – адзначаецца ў дакуменце. – Мы разглядаем ініцыятыву Еўразвязу “Усходняе партнёрства” як моцны стымул для развіцця супрацы Беларусі з ЕЗ і краінамі рэгіёну, а таксама для еўрапеізацыі нашай краіны і ўмацавання беларускай грамадзянскай супольнасці”.

Мяркуецца, што далей мемарандум маюць падпісаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Пасля падпісання дакументу арганізацыі стануць паўнапраўнымі ўдзельнікамі нацыянальнай платформы ФГС УП.

Далей у праграме канферэнцыі – дыскусіі, прысвечаныя развіццю нацыянальнай платформы, а таксама мэтам і задачам беларускай дэлегацыі на Трэцяй сустрэчы ФГС УП.

“Усходняе партнёрства” – ініцыятыва ЕЗ, скіраваная на шэсць краінаў Усходняй Еўропы і Паўднёвага Каўказу: на Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. “Усходняе партнёрства” было заснаванае 27-мю краінамі ЕЗ і шасцю партнёрскімі краінамі на саміце ў Празе 7 траўня 2009 года. Ініцыятыва мае на мэце ўмацоўваць адносіны паміж ЕЗ і яго ўсходнімі суседзямі праз паглыбленне палітычнае супрацы і эканамічнай інтэграцыі.

Трэцяя штогадовая сустрэча ФГС УП адбудзецца 28–30 лістапада ў Познані (Польшча).

belsat.eu

Стужка навінаў