МУС: Краіне трэба «зоны цвярозасці»


Як заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў Яўген Полудзень падчас рэспубліканскага агляду-конкурсу ўчастковых інспектараў, досвед стварэння «зонаў цвярозасці» трэба распаўсюдзіць па ўсёй краіне. Намеснік міністра адзначыў, што да іх стварэння міліцыя будзе прыцягваць святароў.

Яўген Полудзень прывёў у прыклад Віцебскую вобласць. Там, у вёсцы Мосар, з ініцыятывы ксяндза Ёзаса Булькі мясцовыя крамы адмовіліся ад продажу нават піва. Яшчэ адна безалкагольная мясцовасць – Жыровічы (Гарадзенская вобласць). Праваабаронца Людміла Гразнова мяркуе, што ініцыятыва МУС паспяховаю не будзе.

«Міліцыя імітуе бурную грамадскую дзейнасць. У дзяржаве выдатна разумеюць, што прыняцце сапраўды жорсткіх захадаў справакуе сацыяльны выбух», – адзначае праваабаронца. Людміла Гразнова гаворыць, што змагацца трэба не з хваробаю, а з прычынамі, якія яе выклікаюць.

«Чалавек павінен мець працу, упэўненасць у заўтрашнім дні, бачыць жыццёвыя перспектывы. Калі гэтага няма, тады і пачынаюць «тапіць» праблемы ў пляшцы піва ці таннага няякаснага віна», – упэўненая праваабаронца.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, летась у краіне прадалі спіртных напояў у колькасці 12 л абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва. За шэсць месяцаў сёлета алкаголю прадалі ўжо на 21% болей за аналагічны перыяд летась. Спецыялісты гавораць, што да канца года гэтая лічба яшчэ павялічыцца: у верасні дзяржава зноў павысіла квоты на вытворчасць гарэлкі ды вінаградных вінаў.

belsat.eu

Стужка навінаў