Тамара Сідарэнка: Я буду змагацца


https://youtu.be/7K1e-gfSWsE
“Ёсць вера ў справядлівасць, у правасуддзе, у падтрыманне людзей – мне тэлефануюць нават мае кліенты, былыя, даўнія, якія штосьці чулі, і гэта шмат чаго вартае і вельмі падтрымлівае. Я не забітая, мяне не знішчылі маральна, я маю намер змагацца”, – заявіла адвакатка Тамара Сідарэнка, каментуючы рашэнне суда Маскоўскага раёну адхіліць скаргу на пастанову аб пазбаўленні яе адвакацкай ліцэнзіі.

Пасля падзеяў 19 снежня Тамара Сідарэнка бараніла правы экс-кандыдата на прэзідэнта Уладзіміра Някляева. Увесь час, пакуль палітыка ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ, адвакатку да яго не дапускалі. Тамара Сідарэнка ў адным з інтэрв’ю выказала меркаванне, што гэта робіцца наўмысна. Такія выказванні паслужылі для калегіі Міністэрства юстыцыі падставаю пазбавіць Сідарэнку ліцэнзіі.

“У прынцыпе, адвакаты не выбіраюць падабаронных, як дактары ды іншыя. Адвакаты мусяць дапамагаць любому, хто да іх звярнуўся. Я шчыра скажу, вядома, калі б я ведала, што пойдзе такі прэсінг, то, магчыма, лішні раз падумала б, але, падпісваючы пагадненне, ніхто не думаў, што настолькі гэтая справа прыцягне такое несправядлівае стаўленне да асобаў, што выконваюь свой абавязак, – гаворыць Тамара Сідарэнка. – Але чыста тэарэтычна хтосьці ж павінен абараняць усіх людзей. Кожны мае канстытуцыйнае права на абарону. Калі ўжо не абараняць і ўсяго баяцца, то што будзе з нашымі правамі?!”

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары