Паломнікі прыбываюць у Мекку


Мусульманскія паломнікі з усяго свету прыбываюць на малітву ў Вялікую Мячэць у Мекку. Сотні тысяч мусульманаў стаяць вакол мячэці ды моляцца ў кірунку Каабы – старажытнай кубічнай святыні, размешчанай у цэнтры.

Вялікая Мячэць у Меццы – самае святое месца ў мусульманскім свеце. Паломнікі прыбываюць сюды, каб адзначыць першы дзень хаджу, што ёсць адным з пяці асноўных абавязкаў мусульманіна, разам з вызнаннем веры, малітваю, раздаваннем міласціны і пастом цягам месяца Рамадан. Кожны шчыры мусульманін мусіць здзейсніць паломніцтва хоць бы раз у жыцці.

Пілігрымка працягваецца не менш за шэсць дзён, пачынаючы з восьмага дня месяца зу’ль-хіджа, які прыпадае сёлета на панядзелак. Але большасць паломнікаў прыязджаюць раней і спачатку выконваюць абрад умра – так званага малога паломніцтва.

Маршрут хаджу вядзе пілігрымаў з Меккі ў даліну Арафат, на дзесяць міляў на ўсход. Там мусульмане праводзяць другую палову другога дня. Затым вернікі вяртаюцца ў Мекку, спыняючыся дарогаю, каб кінуць каменьчык у сцяну, якая сімвалізуе абарону ад д’ябла. У Меццы яны паўтараюць абрад умра і абыходзяць Каабу.

Звычайна каля двух мільёнаў чалавек вырушаюць у паломніцтва ў Мекку штогоду.

belsat.eu

Стужка навінаў