З 30 кастрычніка кожная праграма на «Белсаце» атрымала ўзроставую пазнаку (відэа)


З 30 кастрычніка кожная праграма тэлеканалу «Белсат» атрымала сваю пазнаку. Мэта новаўвядзення – дапамагчы бацькам у выхаванні дзяцей. «Белсат» увеў сістэму пазнак у адказ на просьбы гледачоў.

Гаворыць Сяргей Пеляса, рэдактар праграмнага сакратарыяту: «Гледачы «Белсату» сігналізавалі тэлеканалу, што хацелі б ведаць, для якой узроставай катэгорыі прызначаецца тая ці іншая праграма або фільм. Неўзабаве яны атрымаюць падказку, якая дазволіць ім вырашаць, што можна і нават варта глядзець дзецям, а што можа быць непажаданае для іх».

Праграмы і фільмы пазначаныя на экране адным з пяці значкоў. Мультфільмы для самых малых заўсёды з «усмешкаю». Іншыя праграмы і фільмы атрымалі пазнакі «з 7», «з 12» і «з 16 гадоў». Апошняя пазнака – з выяваю ключа – папярэджвае, што гэтую праграму могуць глядзець асобы з 18 гадоў. У гэтую катэгорыю трапілі некаторыя мастацкія фільмы. Навінныя праграмы (напрыклад, «Аб’ектыў») такіх пазнак мець не будуць.

Сяргей Пеляса: «Сёння на тэлебачанні нельга пазбегчы таго, што можа адмоўна паўплываць на эмацыйнае і псіхічнае развіццё дзяцей. Мы ўводзім сістэму пазнак, каб максімальна абараніць дзяцей, якія глядзяць «Белсат», ад такога ўплыву. «Белсат» – гэта тэлеканал не толькі для дарослых. Мы паказваем і мультфільмы для дзяцей, і моладзевыя праграмы, але большасць праграмаў адрасаваная даросламу гледачу. Нашыя перакладчыкі, якія працуюць над стварэннем беларускіх версіяў фільмаў і праграмаў, імкнуцца лагодзіць «моцныя выразы» ў кіно. Але прашу памятаць, што мы не маем права пры перакладзе змяняць іх аўтарскі змест настолькі, каб змяніўся сэнс ці эмацыйнае напаўненне твору. Тое самае датычыць выказванняў гасцей публіцыстычных праграмаў, якія часам могуць быць рэзкія».

Праграмы і фільмы будуць атрымліваць адпаведны статус на падставе чатырох асноўных крытэраў:

– прэзентаванае бачанне свету;

– маральныя ацэнкі;

– эмоцыі;

– узоры паводзінаў.

Сяргей Пеляса: «Вядоўцы інфармацыйнай праграмы «Белсату» «Аб’ектыў» любяць паўтараць слоган: «Па-беларуску і без цэнзуры». Ён актуальны не толькі для навінаў. А вырашаць, што глядзець дзецям, мусяць бацькі».

Сістэмы пазнак для праграмаў і фільмаў – накшталт той, якую з 30 кастрычніка ўвядзе «Белсат», – дзеюць на грамадскіх тэлеканалах краінаў Еўрапейскага Звязу, з тэрыторыі якога транслюе і «Белсат».

Стужка навінаў