Расея: 20 гадоў за забойства футбольнага заўзятара


Маскоўскі гарадскі суд абвясціў вырак у справе аб забойстве футбольнага заўзятара Ягора Свірыдава: нарадзінца Кабардзіна-Балкарыі Аслана Чаркесава асудзілі на 20 гадоў пазбаўлення волі.

Забойствам скончылася драка, якая завязалася паміж Чаркесавым і Свірыдавым ды іхнымі сябрамі. На баку першага ўдзельнічалі пяць чалавек, на баку другога, паводле адной версіі, адзін чалавек, паводле другой – чатыры асобы.

Сябры Свірыдава сцвярджаюць, што драку пачалі спадарожнікі Чаркесава, бо яны пачулі гучны смех заўзятараў і вырашылі, што смяюцца з іх. Паводле версіі другога боку, гэта кампанія заўзятара пачала збіваць каўказцаў.

Драка скончылася тым, што Аслан Чаркесаў выцягнуў пісталет, з якога выстраліў 15 разоў і забіў Свірыдава.

Паводле прысуду, забойца будзе адбываць пакаранне ў калоніі строгага рэжыму. Астатнія фігуранты справы атрымалі па пяць гадоў калоніі. Абвінаваўцы прасілі прысудзіць Чаркесава да 23 гадоў калоніі строгага рэжыму. Пры вынясенні прысуду, удакладніў суддзя, змякчальнай акалічнасцю прызналі тое, што ў Чаркесава ёсць непаўналетняе дзіця.

У апошнім слове Аслан Чаркесаў выказаў спачуванні маці Свірыдава і паўтарыў, што нікога не хацеў забіваць. «Камусьці за забойства даюць менш, а мне за самаабарону просяць 23 гады. Я лічу гэта празмерна суровым, яны спрабуюць паставіць крыж на маім жыцці, на жыцці майго дзіцяці і маёй сям’і», – адзначыў ён і пацвердзіў, што сапраўды «выцягнуў пісталет і страляў», аднак патлумачыў гэта тым, што быў «проста загнаны ў кут».

Пракуроры ж казалі пра папярэднія судзімасці Чаркесава. Раней яго некалькі разоў прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за крадзяжы, хуліганства і нанясенне цялесных пашкоджанняў. З пяці крымінальных справаў чатыры дайшлі да суда, а абвінаваўчым прысудам скончылася адна.

Адвакат Чаркесава Дзмітрый Панкоў заявіў, што ягоны падабаронны нават абрадаваўся 20-гадоваму прысуду, бо баяўся пажыццёвага зняволення.

Заўзятар «Спартака» Ягор Свірыдаў быў забіты ў снежні 2010 г., яго смерць стала падставаю для масавых акцыяў пратэсту нацыяналістычна настроенай моладзі. На наступны дзень пасля гібелі Свірыдава некалькі сотняў футбольных фанатаў перакрылі рух на Ленінградскім праспекце Масквы, а 11 снежня тысячы маладых людзей сабраліся на Манежнай плошчы. Тады агулам пацярпелі 32 чалавекі. Суд прызнаў удзельнікаў беспарадкаў на Манежнай плошчы вінаватымі ў іх арганізацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў