Мінэканомікі заступілася за пасажыраў


Праезд не можа даражэць так хутка, як прапаноўваюць транспартнікі.

Менгарвыканкам, «Менсктранс» і «Сталічны транспарт і сувязь» нечакана сустрэлі на сваім шляху праціўніка рэзкага павышэння коштаў на праезд. Міністэрства эканомікі не згаджаецца з прапанаваным праектам. А ідэю, каб праезд у метро каштаваў даражэй, чымся ў аўтобусе, адкінулі катэгарычна.

Аднак транспартнікі не збіраюцца здавацца. «Мы будзем адстойваць сваю пазіцыю, – заявіў прадстаўнік ДУ «Сталічны транспарт і сувязь» Валерый Шкуратаў. – А што застаецца рабіць? Будзем пераконваць, прыводзіць свае матэматычныя разлікі. Калі бензін і дызельнае паліва падаражэюць яшчэ больш, мы апынёмся ў гіганцкім мінусе».

Менгарвыканкам прапанаваў з 1 лістапада падняць кошт праезду ў грамадскім транспарце да 1300 руб., а ў канцы года – да 1850 руб. Цікава, што берасцейскія ўлады ўжо ўзгаднілі падаражанне, там квіткі будуць каштаваць 1100 руб.

Пытанне кошту праезду ў маршрутках таксама не развязалі. Існавалі два праекты: згодна з першым, праезд даражэў бы да 6500 руб. да канца года, у другім жа прадугледжвалася свабоднае цэнаўтварэнне пры ўмове, што рэнтабельнасць перавозак не павінна была быць большаю за 15 %.

«Калі ў бліжэйшыя тыдні нам не дазволяць павялічыць тарыф, частка маршрутак спыніць працу. У параўнанні з мінулым годам машынаў і так на траціну менш. Паездкі акупляюцца ледзь-ледзь, і тое ў нас адзін з самых папулярных рэйсаў у горадзе. Зімой абслугоўванне маршрутак даражэйшае, чымся летам – і большы расход паліва, і новыя камплектавальныя трэба паставіць», – кажа дыспетчар ПУП «Аўтадарніка».

belsat.eu

Стужка навінаў