Ажубаліс: Еўропа - за стратэгію без Лукашэнкі


Міністр замежных справаў Літвы Аўдронюс Ажубаліс бачыць у Беларусі «толькі перамены да горшага». Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю літоўскай радыёстанцыі «Žinių radijas».

«Тое, што цяпер адбываецца ў гэтак званым новым заканадаўчым працэсе, дзе ўзмацняецца роля спецслужбаў і прэзідэнта, якому яны падсправаздачныя, сведчыць пра памяншэнне грамадзянскіх свабодаў», – падкрэсліў Ажубаліс.

Ён адзначыў, што Літва прапаноўвае краінам Еўразвязу працаваць над стварэннем стратэгіі адносінаў з Беларуссю без Аляксандра Лукашэнкі. Паводле Ажубаліса, Беларусь мае вострую патрэбу ў грошах, таму паступова адмаўляецца ад суверэнітэту ў абмен на расейскае падтрыманне сваёй палітыкі.

23 верасня ў Вашынгтоне праваабарончая арганізацыя «Freedom House» і Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі (ЗША) прэзентавалі супольны даклад пад назваю «Дэмакратычныя перамены ў Беларусі: план дзеянняў». У дакуменце ўтрымліваюцца рэкамендацыі заходнім палітыкам, беларускай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці наконт таго, якія дзеянні могуць прывесці да змены ўлады ды правядзення дэмакратычных і рынкавых рэформаў.

Аўтары дакладу адзначаюць, што ва ўмовах валютна-фінансавага крызісу ў Беларусі і міжнароднай ізаляцыі Аляксандра Лукашэнкі ўлады краіны могуць распачаць продаж найбуйнейшых прадпрыемстваў замежным інвестарам. У звязку з гэтым яны рэкамендуюць беларускай апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці пасля сыходу Лукашэнкі паставіць пад сумнеў сапраўднасць такіх угодаў.

Акрамя таго, у дакуменце ўтрымліваецца заклік да ЗША і Еўразвязу ўвесці дадатковыя санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, каб зрабіць іх менш прывабнымі для інвестараў. Аўтары дакладу таксама заклікаюць міжнародныя фінансавыя арганізацыі, у прыватнасці МВФ, не выдзяляць ніякай фінансавай дапамогі афіцыйнаму Менску да вызвалення ўсіх палітвязняў.

У той жа час аналітыкі заклікаюць ЗША і ЕЗ працягнуць падтрыманне беларускіх дэмакратычных рухаў, грамадзянскай супольнасці і незалежнай прэсы. Сярод медыяў, якім неабходна працягнуць аказанне дапамогі, названыя тэлеканал «Белсат», радыё «Свабода», «Еўрарадыё» і «Голас Амерыкі».

Пры гэтым эксперты ўпэўненыя, што ў звязку з тым, што ў Беларусі пагаршаецца палітычная і эканамічная сітуацыя, заходнім урадам і арганізацыям трэба неадкладна пачаць рыхтаваць краіну да цяжкага пераходнага перыяду, што наступіць пасля таго, як Лукашэнка будзе адхілены ад улады або збяжыць з краіны. У прыватнасці, падкрэсліваюць аўтары дакладу, належыць падрыхтаваць розныя стратэгіі, якія забяспечаць новыя ўлады Беларусі своечасовым і поўным падтрыманнем.

belsat.eu

Стужка навінаў