Суд адхіліў скаргу Тамары Сідарэнкі


Адвакатка будзе далей змагацца з Міністэрствам юстыцыі.

Суд Маскоўскага раёну Менску 28 кастрычніка адхіліў скаргу Тамары Сідарэнкі на пастанову калегіі Міністэрства юстыцыі аб спыненні дзеяння яе адвакацкай ліцэнзіі.

31 жніўня калегія міністэрства спыніла дзеянне ліцэнзіі Тамары Сідарэнкі, якая абараняла кандыдатаў на прэзідэнцтва на выбарах 2010 г. Уладзіміра Някляева і Аляксея Міхалевіча. Рашэнне 17 жніўня прыняла кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці Міністэрства юстыцыі на падставе двух прадпісанняў аб ліквідацыі недахопаў у працы, выдадзеных адвакатцы сёлета.

«Першы недахоп – тое, што ў медыях было размешчанае маё інтэрв’ю па справе Някляева, я там нібыта няправільна выказалася, што мяне не дапускаюць да майго падабароннага», – распавяла Тамара Сідарэнка. Акрамя таго, па выніках правярання дзелавых папераў за мінулыя гады ў яе выявілі «пэўныя парушэнні ў справаздачах: у парадку заключэння пагадненняў», што пацягнула выдачу другога прадпісання.

«Я па меры магчымасці ліквідавала парушэнні, на падставе якіх мне былі выпісаныя загады», – падкрэсліла адвакатка.

Паводле Тамары Сідарэнкі, яна не згодная з вердыктам раённага суда. «Гэтае рашэнне я лічу незаконным і буду скардзіцца далей. У касацыйным парадку я маю намер падаць скаргу ў Менскі гарадскі суд», – падкрэсліла яна.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары