На Кастрычніцкай абышлося без эксцэсаў


Акцыя салідарнасці з палітвязнямі прайшла без лозунгаў, партрэтаў і затрыманняў.

Сёння а 19-й гадзіне на Кастрычніцкую плошчу Менску зноўку выйшлі некалькі чалавек, каб выказаць салідарнасць з вязнямі рэжыму. Прыйшлі былы палітвязень Васіль Парфянкоў, прадпрымальнік Алесь Макаеў, грамадзянская актывістка Ганна Шапуцька. За парадкам на плошчы сачыў нядаўна прызначаны начальнік сталічнай міліцыі Аляксандр Барсукоў і ягоны намеснік – добра вядомы журналістам і пратэстоўцам палкоўнік Ігар Яўсееў.

Кастрычніцкая плошча і яе наваколлі былі ачэпленыя людзьмі ў чорным, за Палацам Рэспублікі ды ў прылеглых дварах схаваліся некалькі аўтобусаў з спецназам і міліцыянтамі. Невядомыя ў цывільным здымалі дэмакратычных актывістаў і журналістаў на відэа. Ніхто з прысутных так і не наважыўся разгарнуць партрэтаў палітвязняў ці скандаваць нейкія лозунгі.

Такім чынам, сёння была самая ціхая акцыя з ініцыяваных грамадзянскаю ініцыятываю “Еўрапейская Беларусь”. Падчас папярэдніх акцыяў (21, 24, 25 і 26 кастрычніка) агулам затрымалі 12 чалавек. Усіх пакаралі адміністратыўнымі арыштамі ад 7 да 15 дзён, адну з удзельніц аштрафавалі.

Сёння за кратамі застаюцца 14 палітвязняў. Сярод іх два супернікі Лукашэнкі на леташніх прэзідэнцкіх выбарах – Мікалай Статкевіч і Андрэй Саннікаў.

belsat.eu

Стужка навінаў