Зміцер Бародка ў «Гарачым каментары»


“Удзельнічаць у акцыях салідарнасці прадстаўнікам апазіцыйных структураў перашкаджаюць іх лідары”.

“Мы вам галовы паадбіваем”, – такія пагрозы ад асобаў у цывільным пачулі ўчора актывісты грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”. Сёння агучылі іх у судзе над затрыманымі – удзельнікамі акцыі салідарнасці з палітвязнямі. Праўда, рашэнне суддзяў засталося стандартнае – яшчэ чатыры асобы арыштавалі на 10–15 дзён.

Але найбольш крыўдна нават не гэта – ініцыятыву не падтрымліваюць аднадумцы “Еўрапейскай Беларусі”, сябры іншых партыяў і арганізацыяў. Чаму ж іншыя палітычныя сілы не далучаюцца да штодзённых акцыяў у абарону палітвязняў?

Сябра грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бародка мяркуе, што шмат якія прадстаўнікі апазіцыйных структураў хацелі б далучыцца да ініцыятывы, але гэта перашкаджаюць ім зрабіць іхныя лідары. Тое, што нехта ўсё ж такі выходзіць на штоднёвыя акцыі, спадар Бародка тлумачыць так: “У Беларусі яшчэ не перавяліся героі”.

Сябра “Еўрапейскай Беларусі” заклікаў прадстаўнікоў апазіцыі ўдзельнічаць у акцыях салідарнасці, на якія пакуль што прыходзяць пераважна сваякі палітзняволеных.

Намеснік старшыні грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” Андрэй Дзмітрыеў прапанаваў увесці мараторый на акцыі такога кшталту. “Я б увёў мараторый на такіх палітыкаў”, – заявіў Зміцер Бародка.

Пра будучыню акцыяў салідарнасці палітык не стаў разважаць, звярнуўшы ўвагу на тое, што на іх прыходзяць людзі, якія самі пабывалі за кратамі. Ён заклікаў апазіцыйных лідараў падтрымліваць затрыманых хаця б прысутнасцю на судах.

belsat.eu
https://youtu.be/BK3bYydXvYo

Глядзі таксама
Каментары