Індыйская паліцыя разагнала дэманстрацыю тыбетцаў


Тыбетцы, якія ўцяклі ў Індыю, наладзілі 27 кастрычнікас дэманстрацыю каля амбасады Кітаю ў Нью-Дэлі. Яны пратэставалі супраць кітайскай паліцыі, якая, на іхны погляд, вельмі жорстка абходзіцца з тыбетцамі. Дэманстранты трымалі ў руках тыбецкія сцягі ды выкрыквалі слоган “Свабодны Тыбет”.

У аўторак, 25 кастрычніка, тыбецкі будыйскі манах абліў сябе палівам на далёкім захадзе Кітаю. Сёлета гэта ўжо дзясяты карэнны тыбецец, які звяртаецца да крайняй формы пратэсту.

“Свабодны Тыбет”, што выступае за самакіраванне ў рэгіёне, паведамляе, што ў Тыбеце значна павялічылася колькасць працаўнікоў службы бяспекі, у тым ліку і ў сталіцы – Лхасе.

Кітай кіруе Тыбецкім Аўтаномным Раёнам з 1950 г. Кіраўніцтва краіны не прызнае крытыкі праваабарончых групаў і тыбетцаў на выгнанні ды характарызуе ўсе апошнія самазабойствы як “амаральныя ўчынкі”.

У сакавіку 2008 г. пратэсты супраць прысутнасці Кітаю распаўсюдзіліся на тэрыторыі Тыбету, прыводзячы часам да смяротных сутыкненняў з паліцыяй.

Духоўны лідар тыбетцаў Далай-лама адмаўляе прапаганду гвалту і настойвае на тым, што адзінае, чаго ён хоча, – сапраўднай аўтаноміі для сваёй радзімы, з якой ён некалі вымушаны быў уцячы пасля няўдалага паўстання супраць кітайскага кіравання.

belsat.eu
https://youtu.be/H5HwK_a1O9M

Глядзі таксама
Каментары