Чаму ў некаторых гарадах праезд таннейшы?


Чаму ў некаторых гарадах праезд таннейшы?

У сталіцы кошт адной паездкі ў грамадскім транспарце хочуць павысіць да 1850 руб. да канца года.

Міністэрства транспарту і камунікацыяў коштаваю палітыкаю ў сферы грамадскага транспарту не займаецца. Пытанні прызначэння тарыфаў на праезд – прэрагатыва мясцовых органаў улады. Пра гэта намеснік міністра транспарту і камунікацыяў Аляксандр Шышко заявіў 27 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску, адказваючы на пытанне пра планаванае павышэнне коштаў на праезд у грамадскім транспарце.

“Мясцовыя ўлады “замаўляюць” грамадскі транспарт – і плацяць за яго паслугі. Памер аплаты залежыць ад бюджэту вобласці ды інфраструктуры. У Менску могуць быць адны тарыфы, у вобласці – іншыя. У нас сёння ёсць аўтобусныя паркі, якія пакрываюць 70–80 % выдаткаў уласнымі даходамі, ёсць тыя, якія пакрываюць 35 %. Усё залежыць ад размяшчэння”, – адзначыў намеснік міністра.

На ягоную думку, рэзка павышаць плату за праезд у грамадскім транспарце мясцовыя ўлады не стануць.

Ён патлумачыў, што праезд таннейшы ў тых гарадах, якія збудаваныя кампактна, – напрыклад, у Берасці. Там жа, дзе прадпрыемствы раскіданыя па большай тэрыторыі (Віцебск, Горадня), утрымліваць транспарт даражэй.

Тым часам у Менску тарыф на праезд у грамадскім транспарце неўзабаве павысіцца да 1300 руб. Не выключана, што тарыфы могуць вырасці з 1 лістапада, аднак дакладнага дня пакуль не называюць.

“У праект закладзены адзіны тарыф на ўсе віды транспарту”, – падкрэсліў адмысловец “Менсктрансу”, абвергнуўшы тым самым інфармацыю шэрагу медыяў пра тое, што тарыфы на праезд у метрапалітэне будуць вышэйшыя, чым у наземным грамадскім транспарце. Паведамлялася, сярод іншага, што ад лістапада кошт праезду ў метро складзе 1500 руб., а ў студзені – 2000–2100 руб.

Паводле звестак дзяржаўнай установы “Сталічны транспарт і сувязь”, цяперашні сабекошт адной паездкі ў грамадскім транспарце Менску – каля 2500 руб. Пры дзейных тарыфах насельніцтва аплачвае каля 45 % гэтага кошту, астатняя частка кладзецца на гарадскі бюджэт.

У сувязі з гэтым “Сталічны транспарт і сувязь” і дзяржаўнае прадпрыемства “Менсктранс” падалі ў Міністэрства эканомікі прапанову павысіць кошт адной паездкі ў грамадскім транспарце да 1850 руб. да канца года за тры этапы.

belsat.eu
https://youtu.be/pYGdGdGanIA

Глядзі таксама
Каментары