Леанід Заіка: Банкі вышэйшыя за палітыку


Эксперт тлумачыць адмову супрацы з Беларуссю буйных сусветных банкаў найперш эканамічнымі прычынамі, а не палітычнымі.

Банкаўская сістэма – не па-за палітыкаю, а вышэй за яе, кажа эканаміст Леанід Заіка. “Deutsche Bank” і “BNP Paribas”, якія выступалі арганізатарамі размяшчэння беларускіх еўрааблігацыяў, спынілі супрацу з Беларуссю. Першым, яшчэ ў жніўні, гэта зрабіў “Каралеўскі банк Шатландыі”.

“Пагаршэнне агульнай фінансавай сітуацыі, стварэнне валютнага ступару прывяло да таго, што прывабнасць нашых каштоўных папераў, у тым ліку еўрабондаў і акцыяў прадпрыемстваў, рэзка ўпала”, – тлумачыць эксперт.

“На імідж Беларусі найбольш паўплывала тое, што ў краіне сем месяцаў не маглі ўсталяваць раўнаважнага абменнага курсу, што выклікае падазрэнні ў прафесіяналізме чальцоў ураду і Нацыянальнага банку. Таму дзяржавы з трохразоваю дэвальвацыяй, такія, як Беларусь, увогуле выкрэсліваюцца са спісу краінаў з надзейнаю банкаўскаю сістэмаю”, – гаворыць Леанід Заіка.

З іншымі краінамі сусветныя фінансавыя структуры адмаўляюцца працаваць рэдка. Хоць ёсць абавязкі ў сферы адмывання капіталу, і ў гэтыя спісы траплялі і Ліхтэнштэйн, і Манака, і Швейцарыя. Сусветная банкаўская сістэма робіцца ўсё больш празрыстая. Швейцарыя абавязаная падаваць звесткі аб рахунках расейскіх алігархаў і мільянераў.

Беларусь жа, у сваю чаргу, “ператвараецца ў такую мёртвую зону – яна не ёсць краінаю з прывабнымі інвестыцыямі, ніколі не была і, напэўна, не хутка будзе”.

belsat.eu

Стужка навінаў