Блізкія пацярпелых ад беззаконня выйдуць на вуліцу 6 снежня


Яны даслалі ў Адміністрацыю прэзідэнта 33 тэлеграмы, але адказу не атрымалі.

Родныя і блізкія пацярпелых ад беззаконня ў беларускіх судах выходзяць на пікет супраць самаўпраўства чыноўнікаў. Як паведаміла «Белсату» заяўніца пікету, юрыстка Праваабарончага альянсу Тамара Сяргей, калі дазволу ад Менгарвыканкаму не будзе, яны ўсё роўна збяруцца 6 снежня на плошчы Свабоды каля гарадской Ратушы.

Старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала адмовіў гэтым людзям у сустрэчы 13 разоў! З Уладзімірам Макеем, які ўзначальвае Адміністрацыю прэзідэнта, жанчыны дамагаюцца сустрэчы ўжо другі год. «Мы яму адаслалі ўжо 33 тэлеграмы і ні на водную не атрымалі адказу. Нас папросту ігнаруюць», – распавяла Тамара Сяргей.

Чыноўнікі папросту баяцца гэтых жанчын, мяркуе Тамара Сяргей. Яна кажа, што Уладзімір Макей ужо некалькі разоў карэктаваў свой графік прыёму грамадзянаў. Сустрэча мела адбыцца 10 лістапада, але яе зноў перанеслі, нават не паведамляючы, на якую дату.

«У заяве, што мы падалі ў Менгарвыканкам, мы напісалі, што выходзім на пікет з-за пазіцыі прэзідэнцкай адміністрацыі», – гаворыць Тамара Сяргей. Яна ўпэўненая, што Уладзімір Макей не толькі сам груба парушае канстытуцыю і законы краіны, але і падае іншым чыноўнікам узор стаўлення да простых грамадзянаў.

«Сёння дзяржаўныя медыі актыўна рэкламуюць дзеянні ўладаў па правядзенні маніторынгу зваротаў грамадзянаў. Аднак просьбы тых, каму сапраўды трэба дапамога, застаюцца непачутымі», – адзначае Тамара Сяргей.

Жанчыны плануюць выйсці на пікет з плакатамі «Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – надзейная абарона беззаконня ў краіне», «Патрабуем ад чыноўнікаў выканання Канстытуцыі і законаў», а таксама «Кругавая парука чыноўнікаў – бяспраўе народу». Узяць удзел у пікеце плануюць каля 50 чалавек з усіх куткоў краіны.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары