Аляксандр Класкоўскі: Рэсурс папулісцкай палітыкі скончыўся


«Ва ўладаў практычна скончыўся рэсурс папулісцкай палітыкі, – гаворыць палітолаг Аляксандр Класкоўскі. – Гэта быў ці не апошні прэцэдэнт, калі ўлетку пасля акцыі быў феномен псіхалагічнага шоку – тады «адкруцілі» кошты. Але болей даваць слабіну ўлада не захоча».

Паводле эксперта, павышэнне коштаў на паліва непазбежнае з прычыны падзення курсу беларускага рубля. Аднак калі гэтае павышэнне адбудзецца – не вядома. «Уладам тэрмінова патрэбныя грошы і яны круцяцца як вужы на патэльні. З аднаго боку трэба неяк задобрыць электарат, бо той на мяжы выбуху, а з іншага боку знешнія крэдыторы патрабуюць жорсткай палітыкі, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі. – Таму дзеянні непрадказальныя: сёння так, заўтра гэтак. Прадказваць можна было б, калі б гэта была разумная і асэнсаваная палітыка. А гэта палітыка сітуацыйная – беларускія ўлады не мысляць стратэгічна, а рэагуюць на нейкія небяспекі».

Што да жыхароў Беларусі, то, паводле эксперта, малаімаверна, што бліжэйшым часам адбудуцца сапраўды масавыя пратэсты. «Беларусы – народ вельмі рацыянальны, і таму сёння яны ў фазе, як кажуць навукоўцы, паніжальнай адаптацыі – яны перакройваюць бюджэт, думаюць на чым сэканоміць. Выйсці, «трапіць на суткі», вылецець з працы або вучобы – гэта не рацыянальна з гледзішча абывацеля. Калі ўжо выйсці – то каб вырашыць праблему, а сёння такой гарантыі і ўпэўненасці няма», – падкрэсліў Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў