Арцём Шаркоў: Пратэставыя настроі стрымліваюць падаражанні


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, кошты на паліва да канца тыдня могуць павысіцца больш як на 25 %. «Звесткі пра магчымае падаражанне выклікаюць у людзей незадаволенасць, і гэтую незадаволенасць яны гатовыя выпліснуць на вуліцы, каб паказаць, што сёння жыццёвы ўзровень неверагодна знізіўся. «Пракарміць» свайго «жалезнага каня» стала немагчыма. Ужо пры сённяшніх коштах запраўляцца – значыць у нечым сябе абмяжоўваць», – гаворыць старшыня інфармацыйна-асветніцкай арганізацыі «За аўта» Арцём Шаркоў.

Спасылаючыся на крыніцы ў «Белнафтахіме», Арцём Шаркоў кажа пра намер ураду і канцэрну павысіць кошты на паліва да ўзроўню мінімальнай акупнасці. «Адзінае, што сёння тармозіць працэс павышэння – гэта людскія настроі. Яны вельмі добра адсочваюць гэта і нездарма коштаў не падвышаюць», – пакрэсліў Шаркоў.

Паводле яго, акцыя пратэсту аўтамабілістаў «Стоп бензін» можа адбыцца менавіта ў дзень павышэння коштаў. «У выпадку аднаразовага і рэзкага падвышэння коштаў людзі рэальна гатовыя пратэставаць, – заявіў кіраўнік арганізацыі аўтааматараў. – Мы не арганізоўваем гэтай акцыі са скліканнем людзей. Увесь гэты тыдзень мы адсочваем у інтэрнэце форумы і сацыяльныя сеткі, размаўляем з аўтааматарамі, яны ў адзін голас кажуць: як толькі будзе падвышэнне коштаў – мы адразу выязджаем на акцыю. Маршрут – праспект Незалежнасці». Паводле Арцёма Шаркова, такія настроі не толькі ў Менску, але і ў шэрагу іншых гарадоў.

Нязгодных з ростам коштаў заклікаюць збірацца малымі групамі ў дзень падаражання паліва і пасля 17:00 ехаць да месца правядзення акцыі. У Менску гэта плошча Незалежнасці, адрэзак да Кастрычніцкай плошчы і трохкутнік вуліцаў Свярдлова, Ульянаўскай і Бабруйскай. А 17:30 удзельнікі акцыі зніжаюць хуткасць, спыняюцца і ўключаюць «аварыйку».

Калі ДАІ паспрабуе раздрабніць калону, накіроўваючы групы на прылеглыя вуліцы, арганізатары акцыі «Стоп бензін» раяць кіроўцам спыняцца ў тым жа месцы, дзе яны сустрэлі перашкоду, і спасылацца на паломку аўтамабіля. «Тым самым мы, а калі быць дакладней – ДАІ з нашаю дапамогаю заблакуе ўсю цэнтральную частку гораду», – тлумачаць арганізатары.

belsat.eu

Стужка навінаў