55 % беларускіх прадпрыемстваў нерэнтабельныя альбо неэфектыўныя


Кіраўнікі прадпрыемстваў тлумачаць свае няўдачы складанасцямі на суседніх рынках.

Паводле афіцыйных дадзеных за студзень-жнівень у мінус працавалі 1,399 арганізацыяў. Нізкі ўзровень рэнтабельнасці (да 5%) зафіксаваны ў 3,031 прадпрыемства. Такім чынам, амаль 55% прадпрыемстваў, якія ўлічваюцца афіцыйнай статыстыкай трапілі ў спіс стратных альбо нізкаэфектыўных прадпрыемстваў.

У параўнанні з 2013 доля стратных прадпрыемстваў істотна павялічылася. У студзені-жніўні 2014 г. – 17,3%, а ў студзені-жніўні 2013 г. іх было 12,5%.

Пагаршэнне фінансавага становішча абумоўлена недастатковым попытам на беларускую прадукцыю, неплацяжамі спажыўцоў і, як следства, недахопам грашовых паступленняў для фінансавання бягучай дзейнасці.

У верасні прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, прымаючы са справаздачамі кіраўнікоў міністэрстваў і канцэрнаў, паведаміў, што прадстаўнікі дзяржорганаў тлумачаць невыкананне шэрагу паказнікаў складанай абстаноўкай на суседніх рынках.

Аднак беларускаму прэм’еру такія аргументы падаліся непераканаўчымі. Ён заявіў, што прэзідэнт і ўрад стварылі ўсе неабходныя ўмовы для нармальнай працы эканомікі.

ЮВ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў