“Здаровыя ласі” прэзентуюць новы альбом


https://youtu.be/V3CimJjndYM
4 лістапада адбудзецца рэліз новага альбому гурта “IQ48” – “HМR”.

“HMR” – абрэвіятура ад Heavy Metal Rock. Менавіта так напрыканцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў “прасунутая” моладзь акрэслівала практычна ўсю больш-менш цяжкую рок-музыку. Якраз тады сфармаваўся музычны і жыццёвы светапогляд творцаў з “IQ48”, а таксама пабачылі свет культавыя музычныя альбомы, якія змянілі эпоху i людзей. Такім чынам, “HMR” – даніна павагі тым часам і той музыцы, гэтак бы мовіць, вяртанне да каранёў, ну і, канечне, самаіронія.

“Гэтыя песні былі напісаныя яшчэ год таму, калі здавалася, што ў нас усё добра: і бакс такі класны, і трактары працуюць у полі, – з усмешкаю распавёў журналістам гітарыст гурту Яўген Бузоўскі. – Было ўсялякае тады: і нейкія цяжкасці са складам групы, з рэгіянальнымі прамоўтарамі. Але здараліся і прыемныя моманты. У мяне, напрыклад, дачка нарадзілася. Адсюль і песні. Напрыклад “Антыкар’ера”, здаецца, накіраваная супраць кар’ерызму, а насамрэч… паўплывала дачка. Так што, калі паслухаеш альбом, то знойдзеш там і станоўчыя эмоцыі, і нейкі цёмны, адваротны бок жыцця. Але ў выніку ўсё ж нейкі аптымізм застаецца”.

“Можа, гэта некалькі пафасна гучыць, – прызнаўся Яўген, – але мы верым у тое, што музыка яшчэ можа нешта зрабіць, у тым ліку і ў нашай краіне. Хай гэта будзе 100–200 чалавек, якія набудуць ці спампуюць дыск, паслухаюць і зразумеюць: вось ёсць людзі, якія спяваюць на беларускай мове не толькі пра тое, што ў нас зязюлі ў лясах і блакітныя рэчкі. Няхай ведаюць, што ёсць музыкі, якія знаходзяцца ў беларускім асяроддзі ды робяць адэкватныя рэчы”.

Вакаліст “IQ48” Аляксандр Ракавец паведаміў, што, акрамя дзесяці кампазіцыяў аўтарства гурта, на дыску будзе яшчэ і трэк “Дай сілы!”, запісаны супольна з вядомым беларускім рэперам Vinsent’ам. У адной з кампазiцыяў альбому ўпершыню ў Беларусі выкарысталі экзатычны музычны інструмент: вамола.

Прэзентацыя альбому “HMR” пройдзе 4 лістапада ў менскім клубе “RE:PUBLIC” пры падтрыманні гурта “Разбітае сэрца пацана”, а таксама “зорных” гасцей.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары