Незалежных журналістаў выклікаюць у пракуратуру


Сябры БАЖ Алег Ражкоў, Алесь Баразенка і Аліна Радачынская атрымалі позвы з Генеральнай пракуратуры.

Як паведаміў “Белсату” Алег Ражкоў, ён мусіць з’явіцца ў пракуратуру 27 кастрычніка, ягоных калегаў пракурор чакае 28 кастрычніка. Падпісаў позвы дарадца юстыцыі Павел Елісееў. У журналісцкіх колах гэты пракурорскі працаўнік вядомы тым, што ўжо неаднаразова выносіў папярэджання незалежным журналістам за супрацу з замежнымі медыямі.

“Мяне спрабавалі запрасіць у пракуратуру праз тэлефон, аднак я адмовіўся ісці, як яны гавораць, “на размову” без афіцыйнай позвы”, – распавёў падрабязнасці Алег Ражкоў. І хоць у позве не пазначана, з якіх прычынаў пракуратура цікавіцца журналістамі, ён не выключае, што размова будзе тычыцца гэтага пытання. “Падчас працы ў Гомлі я ўжо атрымліваў папярэджанні ад пракуратуры за працу на СМІ, што не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Беларусі. Але тыя папярэджанні за даўнасцю часу ўжо ануляваныя. Імаверна, мяне імкнуцца пасадзіць на новыя лейцы”, – лічыць Алег Ражкоў.

Сябра праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Мельнічук мяркуе, што ўвага пракуратуры да журналістаў абумоўленая тым, што вялікая колькасць рэпарцёраў штодня прысутнічае на пратэставых пікетах. “Незалежныя рэпарцёры і чуткі сталі галоўнымі крыніцамі інфармацыі ў Беларусі, дзе ўлады змагаюцца з сацыяльна-палітычным крызісам досыць “арыгінальным” спосабам. Афіцыйныя СМІ замоўчваюць інфармацыю і пра крызіс, і пра пратэсты”, – зазначае спадарыня Мельнічук.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары