Грандыёзнае адкрыццё Вялікага тэатру


Пасля шасці гадоў чакання, 28 кастрычніка, Вялікі тэатр Расеі зноў адчыніць свае дзверы для гледачоў.

Рэстаўрацыя пачалася ў 2005 г. Кошт праекту – больш за RUR 20 млрд.

“Будынак знаходзіўся ў аварыйным стане, і аварыйнасць ацэньвалася ў 70 %. Гэта вельмі шмат. І, як шмат хто з вас памятае, падчас апошняга сезону гледачы заходзілі ў тэатр з бакавых пад’ездаў, бо мы баяліся абрушэння порціка. Таксама ў апошнім сезоне мы не пускалі гледачоў на два верхнія ярусы. Сітуацыя была сапраўды крытычная”, – кажа дырэктар Вялікага тэатру Анатоль Іксанаў.

“Я не перастаю захапляцца нашым калектывам, які пражыў гэтыя шэсць гадоў у такіх цяжкіх умовах і цяпер працуе без выходных. Мастацка-пастаноўчая частка працуе 24 гадзіны на содні. Ніхто не наракае. Відаць, з’віўся нейкі дадатковы драйв. Усё ж такі – вяртанне ў родную хату”, – дадае спадар Іксанаў.

Сезон на гістарычнай сцэне распачне опера “Руслан і Людміла”. Альбіна Шагімуратава, якая будзе выконваць галоўную ролю, прызнаецца, што рэпетаваць цяжка, бо не ўсе працы яшчэ скончыліся. “Нялёгка. Мы рэпетуем пад гукі дрыляў. Цяжка, напружана. Мы ўжо тут з першага верасня. Гэта вялікая опера – чатыры з паловаю гадзіны, і, канечне, трэба шмат працаваць”, – кажа оперная зорка.

На адкрыцці тэатру будуць прысутнічаць прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў і прэм’ер-міністр Уладзімір Пуцін. Як паведаміў дырэктар тэатру, чакаюць таксама канцлера Нямеччыны Ангелу Мэркель.

belsat.eu

Стужка навінаў