Затрыманых на акцыі салідарнасці пакаралі арыштамі ды штрафам


Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзеў справы затрыманых на ўчорашняй акцыі салідарнасці з палітзняволенымі.

Алега Рагоўскага, Аляксандра Салдаценку і Алега Рахоўскага асудзілі на 7 дзён адміністратыўнага арышту кожнага, былы палітвязень Сяргей Казакоў атрымаў 10 дзён зняволення. Галіну Паддубку аштрафавалі на 20 базавых велічыняў (700 тысяч рублёў).
Як паведаміла “Белсату” праваабаронца Наста Лойка, усіх затрыманых абвінавацілі ў парушэнні арт. 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку правядзення масавых акцыяў і пікетавання). Яна таксама зазначае, што ўсе асуджаныя выказалі намер абскардзіць вынесеныя ім прысуды.

Наста Лойка гаворыць, што працаўнікі суда перашкаджалі праваабаронцам трапіць на судовыя працэсы – адмаўляліся паведаміць час пачатку паседжання, хлусілі, што затрыманы ўжо асуджаны, хоць суд над ім нават і не пачынаўся. У выніку такіх дзеянняў да аднаго з затрыманых актывістаў не змог трапіць адвакат.

Алега Рагоўскага, Аляксандра Салдаценку, Алега Рахоўскага і Сяргея Казакова затрымалі на Кастрычніцкай плошчы літаральна праз тры хвіліны пасля пачатку акцыі – яны толькі паспелі разгарнуць партрэты палітзняволеных і некалькі разоў выгукнуць: “Свабоду!” Затрымаць Галіну Паддубку аддаў загад палкоўнік Ігар Яўсееў, яму не спадабалася, што жанчына абуралася наяўнасцю палітзняволеных у краіне.

Прадстаўнікі “Еўрапейскай Беларусі” сёння ізноўку збіраюцца выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў