Вясковы гламур: Пераможцы «Дажынак» трапілі ў глянцавы часопіс


Саюзная дзяржава запускае новы медыя-праект – глянцавы часопіс пад назваю «ММ-style». Першы нумар будзе прысвечаны папулярызацыі сельскага ладу жыцця.

Рэдакцыя часопісу «ММ-style» пра сваё выданне заяўляе, што «гэта новы амбіцыйны праект Саюзнай дзяржавы, закліканы інфармаваць грамадства пра стан і развіццё сяброўскіх адносінаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі. На старонках выдання будзе паведамляцца пра культурнае, палітычнае і сацыяльнае жыццё братэрскіх народаў. Модныя фотасесіі, актуальныя інтэрв’ю і рэпартажы, працы найбуйнейшых, а таксама пачаткоўцаў-фатографаў Беларусі і Расеі, пульс поп-сцэны – усё гэта знойдзе сваё адлюстраванне ў ММ-style».

«Мы хочам, каб наш часопіс займаў годнае месца на медыя-рынку і не ператвараўся ў элітарнае выданне. Таму мы будзем кантраляваць як яго кошт, так і змест», – заявіў галоўны рэдактар Андрэй Якаўлеў.

Тэмаю першага нумара будзе ўборачная кампанія і ўсё, што звязана з жыццём вёскі. Героямі публікацыяў будуць міністры сельскай гаспадаркі і культуры Рэспублікі Беларусь, найлепшыя фатографы Беларусі і краінаў СНД, а таксама героі фотарэпартажаў і фотанарысаў – пераможцы конкурсу «Дажынкі-2011». Рэкламаваць беларускую сельскую культуру будуць Ірына Дарафеева і Руслан Аляхно.

Паводле начальніцы Дэпартаменту сацыяльнай палітыкі ды інфармацыйнага забеспячэння Сталага камітэту Саюзнай дзяржавы Таццяны Кавалёвай, на інфармацыйную палітыку Саюзнай дзяржавы сёлета выдзяляюць больш за 17 млн долараў. Апроч новага глянцавага часопісу Саюзная дзяржава ўжо мае шэраг выданняў: газеты «Общий дом», «Союз Беларусь-Россия» і «Союзное вече», часопіс «Союзное государство», інтэрнэт-парталы «Союз-Инфо» і «Время Союза», тэлекампаніі «ТРО Союза» і «Мир».

У прадстаўніцтве Сталага камітэту Саюзнай дзяржавы ў Менску адмовіліся каментаваць, колькі грошай вылучаецца на кожнае з выданняў і якую рэнтабельнасць паказалі медыі за апошнія гады.

belsat.eu

Стужка навінаў