Класкоўскі: Віртуальная фронда не здаецца


У сацыяльных сетках з’явілася новая рэвалюцыйная ініцыятыва. Яна заклікае ўсіх, каму надакучыла гэтая ўлада, прыйсці ў Дзень гневу 6 лістапада да Адміністрацыі прэзідэнта.

За некалькі гадзінаў у прыхільнікі ініцыятывы запісаліся каля сотні чалавек. Што праўда, гатоўнасць выйсці да галоўнага рэжымнага аб’екту пакуль выказалі меней за дзясятак.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што акцыя наўрад ці збярэ значную колькасць удзельнікаў. «Народ пакуль не саспеў да масавых пратэстаў […]. Да таго ж, распыленне сілаў і множнасць такіх ініцыятываў толькі дэвальвуе сам сэнс пратэсту і ступень водгуку імкнецца да нуля», – тлумачыць эксперт.

Ён не выключае, што гэты заклік скіраваны на тое, каб чарговы раз падражніць сілавыя структуры: «Гэта дэманстрацыя таго, што віртуальная фронда не здаецца. І моладзь, якую рэпрэсіямі выгналі з вуліцаў у віртуальную прастору, спакойнага жыцця ўладзе не дасць. Таму сённяшнія заявы прэзідэнта, што ў Беларусі навучыліся змагацца з сацыяльнымі рэвалюцыямі, крыху паспешлівыя».

Разам з тым, Аляксандр Класкоўскі адзначае, што сучасныя тэхналогіі могуць зрабіцца стымулам для самаарганізацыі людзей, праўда, калі для гэтага ёсць адпаведная сацыяльная глеба. «Сёння ў Беларусі градус сацыяльнай незадаволенасці вельмі вялікі, таму любы такі імпульс, іскра здольныя распаліць полымя», – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў