Апытанне: Калі заробкі за коштамі не паспяваюць…


Паводле статыстыкі рэальная заработная плата за восем месяцаў 2011 г. у Менску паменшылася на 20,7 %. Тым часам кошты на харчовыя тавары ў сталіцы выраслі на 19,3 %, але… толькі за верасень. Журналісты «Белсату» звярнуліся да менчукоў з пытаннем, як удаецца выжываць у такой сітуацыі.

«Раніцою ўстаю, 200 грамаў гарэлачкі – і свабодны са сваёй пенсіяй», – падзяліўся рэцэптам супраць крызісу адзін з жыхароў Менску. Іншы мянчук заклікае быць больш цярплівымі: «Мы мусім быць больш цярпліваю нацыяй. Мы вычакаем і будзем больш нармальна сябе адчуваць. Вернемся да заробкаў памерам 500 долараў».

«Ужо даўно абяцаюць, што рост коштаў спыніцца, але кошты працягваюць расці. Да таго ж расці вельмі салідна – адразу на 40–50 %», – абураецца адна з жыхарак сталіцы. Большасць апытаных заяўляюць, што ў звязку з пагаршэннем эканамічнай сітуацыі мусяць усё больш эканоміць. «На ўсім, што толькі ёсць. На ўсім эканомлю. Шмат разоў казалі, што будзе добра ўсё, а яно ўсё горш і горш», – гаворыць адзін менчукоў.

Пры гэтым давер да абяцанняў улады стабілізаваць сітуацыю – не бязмежны. «Я ўжо досыць шмат пражыла, і колькі б улады ні абяцалі народу, ні абяцалі спакон вякоў – ніколі нічога не выконвалі», – заявіла адна з рэспандэнтак.

belsat.eu
https://youtu.be/o1W_SQ_6isI

Глядзі таксама
Каментары