Навукоўцы знайшлі побач сляды людзей і дыназаўраў


Тэорыі пра суіснаванне чалавечых істотаў са старажытнымі жывёламі выказваліся не раз.

Трое навукоўцаў з Кітаю і Злучаных Штатаў сцвярджаюць, што знайшлі першае і адзінае дакументальнае пацверджанне суіснавання чалавека са… слядамі дыназаўраў у горадзе Чун-Цін на паўднёвым захадзе Кітаю. Пра гэта яны распавялі ў справаздачы, якую надрукавалі ў апошнім нумары «Геалагічнага бюлетэню Кітаю».

«Акрамя слядоў дыназаўраў мы таксама выявілі сляды скуры. Іх маглі пакінуць асобіны, якія прылеглі, каб адпачыць у гэтым месцы», – заявіў Сі Сянь-Мін, кіраўнік мінералагічнай секцыі Бюро кіравання зямлёю і нерухомасцю правінцыі Ці-Цзян, муніцыпалітэту Чун-Цін.

Людзі з’явіліся ў мясцовасці, назва якой з кітайскай мовы перакладаецца як горная крэпасць лотасу, дзе былі знойдзены сляды дыназаўраў, усяго 700 гадоў таму. Першыя сведчанні чалавечага знаходжання адносяцца да дынастыі Сун (960–1279 гг.). У 1960-я і 1970-я гг. у звязку з пабудоваю вадасховішча тут пасяліліся сотні чалавек.

Даследнікі пакуль не маюць доказаў суіснавання людзей і дыназаўраў. Адзінае, можна пацвердзіць, што старажытныя людзі жылі сярод слядоў гэтых жывёлаў. Адбіткі нагадваюць сімвал лотасу ў будызме. Мяркуецца, што ад гэтага і пайшла назва мясцовасці.

Цікава, што вялікая колькасць трэшчынаў у зямлі падобнай формы, закамянелага бруду і слядоў дыназаўраў, якія апынуліся побач, мясцовыя жыхары звязалі з культам залатога лотасу, які нарадзіўся з зямлі.

belsat.eu

Стужка навінаў