Украінскія півавары скардзяцца свайму віцэ-прэм’еру на ўрад Беларусі


Пасля прыняцця ўрадам Беларусі пастановы аб ліцэнзаванні імпарту піва з Украіны замежны напой каштуе ў 1,5 разу даражэй за айчынны.

Захады чыноўнікаў для абароны беларускага піва прывялі да таго, што ўкраінскае піва зрабілася неканкурэнтаздольным нават у параўнанні з расейскім і чэшскім. Менавіта таму кампанія «Оболонь» звярнулася да першага віцэ-прэм’ера Украіны Андрэя Клюева з просьбай абараніць інтарэсы ўкраінскіх вытворцаў піва на беларускім рынку.

Дырэктар у знешнеэканамічных пытаннях карпарацыі «Оболонь» Сяргей Кравец мяркуе, што захады, прынятыя беларускім урадам, свядома накіраваныя на скарачэнне аб’ёмаў продажу менавіта ўкраінскага піва. «Карпарацыя «Оболонь» як вядучы экспарцёр піва з гэтай краіны нясе значныя страты. Згодна з Законам Украіны «Аб знешнеэканамічнай дзейнасці», мы звярнуліся да свайго ўраду з просьбай ініцыяваць расследаванне адносна дыскрымінацыйных дзеянняў з боку Рэспублікі Беларусь да ўкраінскіх вытворцаў піва», – адзначае ён.

Беларускія чыноўнікі працягваюць абараняць айчыннага вытворцу непапулярнымі метадамі. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, высокая доля імпарту характэрная для большасці ключавых галінаў беларускай прамысловасці. Розніца толькі ў паказніках: у некаторых галінах удзельная вага імпартнай сыравіны ў вытворчасці перавышае 30 %, а ў іншых – 50 %.

На думку экспертаў, адзін з эфектыўных інструментаў скарачэння залежнасці беларускай эканомікі ад імпарту – прыцягненне стратэгічных інвестараў, якія могуць прапанаваць прадпрыемствам новыя тэхналогіі. Гэта дазволіць скараціць выдаткі на імпарт пры вытворчасці айчыннай прадукцыі.

«Праз адсутнасць буйных стратэгічных інвестараў у беларускай эканоміцы і захоўваюцца сёння дысбалансы, адзін з якіх – высокая залежнасць ад імпарту. У будучыні такая сітуацыя можа прывесці, напрыклад, да новага падзення курсу нацыянальнай валюты нават ва ўмовах выхаду на раўнаважны рынкавы курс», – мяркуе інвестыцыйны кансультант і аналітык Міхаіл Бараздзін.

belsat.eu

Стужка навінаў