Чарговае павышэнне цэнаў на паліва чакаецца ў звязку з праведзенай 20 кастрычніка другою сёлета дэвальвацыяй беларускага рубля (на 52 %). Учора, 25 кастрычніка, у медыях з’явілася інфармацыя пра тое, што да канца тыдня паліва можа падаражаць адразу на 25 %.
Калі кошты сапраўды павысяць, кампанія «За аўта» плануе правесці чарговую акцыю «Стоп-бензін» у той жа або на наступны дзень. Арганізатары сцвярджаюць, што яе фармат гарантуе максімальную бяспеку ўдзельнікаў і выключае магчымасць ціску з боку ДАІ ды спробы сарваць акцыю або перашкодзіць яе хадзе.
Кампанія «За аўта» заклікае нязгодных з падаражаннем збірацца малымі групамі і пасля 17:00 ехаць да месца правядзення акцыі. У Менску гэта плошча Незалежнасці, адрэзак да Кастрычніцкай плошчы і трохкутнік вуліцаў Свярдлова, Ульянаўскай і Бабруйскай. А 17:30 удзельнікі акцыі зніжаюць хуткасць, спыняюцца і ўключаюць «аварыйку».
Калі ДАІ паспрабуе раздрабніць калону, накіроўваючы групы на прылеглыя вуліцы, арганізатары «Стоп-бензіну» раяць спыняцца ў тым жа месцы, дзе сустрэлі перашкоду, і спасылацца на паломку аўтамабіля. «Тым самым мы, а калі быць дакладней – ДАІ з нашаю дапамогаю заблакуе ўсю цэнтральную частку гораду», – тлумачаць арганізатары. Пры гэтым яны папярэджваюць, што дзверы трэба заблакаваць і ні ў якім выпадку нельга выходзіць з машыны, адчыняць вокны або капот.
«Калі плошча Незалежнасці заблакаваная, акцыя пераносіцца на той жа час наступнага дня. Але ніхто не забараняе сігналіць там, дзе стаіш, асабліва гэта датычыць вуліцы Бабруйскай у раёне чыгуначнага вакзалу: няхай людзі ў глыбінцы даведаюцца, што Менск не маўчыць – менчукі не задаволеныя», – гаворыцца ў звароце.
У кастрычніку канцэрн «Белнафтахім» ужо двойчы павялічваў рознічныя цэны на бензін. 1 кастрычніка кошт бензіну і дызпаліва ў сярэднім узрос на 5 %, а 16 кастрычніка бензін падаражэў у сярэднім на 3 %, дызельнае паліва – на 5 %. Усяго з пачатку года кошт паліва ў Беларусі павялічваўся 9 разоў.
Пра тое, што кошт бензіну да канца года ўзрасце як мінімум яшчэ аднойчы, заявіў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас падчас праведзенага напярэдадні пасяджэння Нацыянальнага савету ў працоўных і сацыяльных пытаннях.
belsat.eu