Два пратаколы, адзін суд


Праваахоўныя органы працягваюць пераслед актывістаў, што арганізоўвалі Народны сход.

Сустрэчы прайшлі ў некалькіх гарадах краіны 8 кастрычніка. Віктара Івашкевіча “за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі” аштрафавалі на 40 базавых велічыняў. Сёння ў аэрапорце “Менск-2” з самалёта, што меўся вылецець у Прагу, знялі старшыню прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча. Прафсаюзнага лідара таксама абвінавачваюць у арганізацыі масавай акцыі. Зараз разам з адвакатам яго даставілі ў суд Савецкага раёну Менску. Вядома, што справу будзе разглядаць суддзя Полулех.

Сёння ж пратаколы склалі на арганізатарак сходу ў Віцебску: Таццяну Севярынец і Ірыну Яскевіч. “Згодна з копіяй пратаколу, што яны пакінулі, мяне вінавацяць у арганізацыі недазволенага ўладай мерапрыемства. Тое ж самае выставілі і Ірыне Яскевіч. Мае тлумачэнні, што Народны сход не падпадае пад гэты артыкул, плёну не далі”, – распавяла “Белсату” Таццяна Севярынец.

Нягледзячы на ўгаворы міліцыянтаў, гаворыць Таццяна Севярынец, падпісваць пратакол яна адмовілася. Старшы лейтэнант Павел Казючыц і маёр Паўлаў папярэдзілі актывістку БХД, каб чакала позву ў суд.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары