Берасцейскую крэпасць улучаць у адзіны турыстычны маршрут


Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод у Берасці з’яўляюцца да трох тысяч новых жыхароў. Калі горад і далей будзе расці такімі тэмпамі, то праз дваццаць гадоў тут будуць жыць ужо 350 тысячаў чалавек. Менавіта таму ўзнікла патрэба пашыраць межы абласнога цэнтру.

Паводле новага праекту, цэнтральныя вуліцы “рассунуць”, і на новых тэрыторыях з’явяцца сацыяльна-культурныя аб’екты. Улады збіраюцца прыцягваць як мага болей турыстаў, хоць пакуль інфраструктура для гэтага развітая слаба: не хапае малафарматных гатэляў і забаўляльных цэнтраў. Каб турыстаў стала больш, Берасцейскую крэпасць – адзін з самых папулярных турыстычных маршрутаў – аб’яднаюць з іншымі славутасцямі. Дырэктар бюро “Знаходка” Ларыса Новікава кажа, што туркампаніі чакалі гэтага даўно. “Збольшага Берасце вядомае праз ваенны турызм, але гэта цікава абмежаванаму колу турыстаў – школьнікам. Але мы хацелі б таксама разам з мемарыялам паказаць і духоўныя помнікі, цэнтральныя вуліцы гораду”. Дарэчы, намеснік старшыні кіраўніцтва архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Касарчук паведаміў, што на рашэнне мясцовых уладаў з цэнтру прыбяруць усе камунальныя аб’екты, за выключэннем тых, што забяспечваюць працу культурных аб’ектаў.

Значныя змены адбудуцца і ў спальных раёнах. Суседнія вёскі далучаць да гораду. Новыя дамы таксама з’явяцца на былых складскіх і вытворчых тэрыторыях. Гэтак, на месцы колішняй вайсковага гарнізону Красны Двор размесцяцца сярэдневысотныя дамы і сядзібы. Апошнія, паводле чыноўнікаў, будуць даступныя толькі забяспечаным гараджанам. З улікам новых патрабаванняў, зменіцца норма плошчы жылля, якая прадугледжваецца для кожнага гараджаніна. Цяпер яна складае 20 м2, павялічыцца да 35 м2. Варта адзначыць, што за мяжою гэтыя паказнікі ў паўтара-два разы большыя. “Новыя стандарты будаўніцтва – шматпавярховыя комплексы, дзе мінімізуецца прастора вакол будынку, насычэнне адбываецца за кошт высотнасці”, – тлумачыць старшыня аддзелу будаўніцтва гарвыканкаму Фёдар Жабароўскі.

Праект новага генплану – на ўзгадненні. Улады абяцаюць прыслухацца да парадаў і заўваг насельніцтва. Прапановы што да новага генплану можна дасылаць на адрас г. Берасце, вул. Энгельса, 3. Тэл. 0162 23-77-54.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары