Міністэрства адукацыі гатовае адмовіцца ад размеркавання


Але толькі ў тых спецыяльнасцяў, дзе маладыя адмыслоўцы не запатрабаваныя.

Перш за ўсё гэта юрыдычныя і эканамічныя сферы. Паводле падлікаў Міністэрства адукацыі, цяпер да 30 % гэтых выпускнікоў не могуць уладкавацца паводле профілю. “Але спяшацца з адменаю размеркавання нельга, – мяркуе дарадца міністра Віктар Іўчанкаў. – Тое, што сёння некаторым выпускнікам дзяржава не змагла даць працоўнага месца, не значыць, што такая самая сітуацыя на рынку працы захаваецца, напрыклад, праз пяць гадоў. Трэба ўсведамляць, што студэнт, які паступае на “бюджэт”, бярэ на сябе абавязак адпрацаваць пэўны тэрмін на карысць дзяржавы, якая фінансавала ягоную адукацыю”.

З такою пазіцыяй не пагаджаюцца юрысты. “Права на бясплатную вышэйшую адукацыю замацаванае ў Канстытуцыі. Тое, што з бясплатнай адукацыі вынікае абавязковае адпрацаванне – патрабаванне чыноўнікаў, якія такім чынам хочуць закрыць непапулярныя вакансіі. Але дзе б выпускнік не працаваў пасля ўніверсітэту, ён выплачвае тыя самыя падаткі, таму ў эканамічным і юрыдычным сэнсе размеркаванне ніяк не абгрунтаванае”, – кажа юрыстка Святлана Шлома.

Паводле палажэння “Аб размеркаванні”, выпускнікі ВНУ маюць права на свабодны дыплом. Яго выдаюць і тады, калі ўпраўленне адукацыі выканкаму не змагло адшукаць для маладога адмыслоўца працы. Таму захады Мінадукацыі выбарачна адмяніць размеркаванне не зменяць сістэмы карэнным чынам. Хоць статыстыка размеркавання палепшыцца – яе ўніверсітэты штогод падаюць у вышэйшыя арганізацыі. Такім чынам, калі юрыстаў можна будзе не размяркоўваць, у астатніх пазіцыях размеркаванне ва ўніверсітэтах складзе 100 %. Пры такіх паказніках чыноўнікам будзе прасцей абгрунтоўваць мэтазгоднасць размеркавання.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары