10 дзён за салідарнасць (Абноўлена)


У Цэнтральным судзе Менску разгледжаная справа каардынатара грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага, якога затрымалі ўвечары 24 кастрычніка падчас акцыі салідарнасці з палітзняволенымі. Суд пастанавіў пакараць актывіста 10 суткамі арышту.

Як паведаміла праваабаронца Наста Лойка, на Вінярскага складзены пратакол на падставе арт. 23.34 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых акцыяў і пікетавання).

Вінярскі быў затрыманы адразу, як толькі падышоў да журналістаў. Падчас арышту ён паспеў паведаміць, што на акцыі планавалася запатрабаваць вызвалення палітвязняў, сярод іх – кандыдата на прэзідэнта на выбарах 2010 г. Андрэя Саннікава і сябра ягонай ініцыятыўнай групы Змітра Бандарэнкі. Быў затрыманы яшчэ адзін удзельнік акцыі – Васіль Парфянкоў, асуджаны ў справе 19 снежня і памілаваны прэзідэнтам. Яго даставілі ва УУС Цэнтральнага раёну Менску, аднак праз тры гадзіны адпусцілі без складання пратаколу.

Учора Генеральная пракуратура Беларусі вынесла Вінярскаму афіцыйнае папярэджанне “аб недапушчальнасці працягу супрацьпраўных дзеянняў, спалучаных з распаўсюджваннем заклікаў да ўдзелу і арганізацыяй несанкцыянаваных масавых акцыяў”. Як вынікае з паведамлення Генеральнай пракуратуры, выяўлена, што менавіта Вінярскі мае непасрэднае дачыненне да распаўсюду ў інтэрнэце матэрыялаў з заклікамі правесці 24 кастрычніка несанкцыянаваныя акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і цэнтральных плошчах іншых населеных пунктаў краіны.

У той жа дзень ГУУС Менгарвыканкаму выставіла на сваім сайце відэазварот намесніка начальніка ГУУС – начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Ігара Яўсеева. “Тыя, хто заклікае да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, і іх удзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, а ў выключных выпадках, дзе ёсць дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, – крымінальнай адказнасці”, – папярэдзіў Яўсееў.

Як заявіў прэс-сакратар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Аляксандр Атрошчанкаў, акцыі салідарнасці будуць доўжыцца да вызвалення палітвязняў. Пакуль, паводле яго, вырашылі штодня выходзіць на цэнтральныя плошчы беларускіх гарадоў з патрабаваннямі вызваліць палітзняволеных. Надалей фармат акцыяў можа быць зменены.

belsat.eu

Стужка навінаў