Сяргей Чалы ў «Гарачым каментары»


Паводле Антоніюса Брука, кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі, рашэнне пра крэдытаванне той або іншай краіны Міжнародны Валютны Фонд прымае выключна з эканамічных, а не палітычных прычынаў.

Каб МВФ працягнуў крэдытную праграму для Беларусі, неабходна паказаць рэальныя зрухі ў эканоміцы: спыніць друк новых купюраў, стрымаць рост інфляцыі, скончыць датаванне прадпрыемстваў і мадэрнізаваць вытворчасць. Аднак кіраўніца Нацбанку Беларусі Надзея Ермакова мяркуе, што для МВФ важныя і палітычныя патрабаванні.

Паводле фінансавага аналітыка Сяргея Чалага, МВФ ніколі не ўмешваў у свае праграмы крэдытавання нейкія палітычныя патрабаванні. «Болей за тое, калі глядзець на гісторыю ўзаемадзеяння МВФ з якімі заўгодна краінамі, можна знайсці прыклады куды больш «людажэрных» рэжымаў, чым наш, з якімі ўзаемадзеянне вялося», – зазначае Сяргей Чалы.

Спадарыня Ермакова ж не кажа нічога новага. Словы пра нейкія палітычныя патрабаванні МВФ у дачыненні Беларусі першым агучыў Аляксандр Лукашэнка на прэсавай канферэнцыі для расейскіх журналістаў.

Госць «Гарачага каментара» лічыць гэтыя заявы нелагічнымі, бо Беларусі было б значна прасцей выканаць палітычныя патрабаванні, чымся паступова і паслядоўна мяняць эканамічную мадэль краіны.

«То бок гэта такая дымавая завеса, калі ўлады з аднаго боку не хочуць пайсці на гэтыя захады эканамічнага плану, бо яны пагражаюць рэжыму значна болей, чымся нейкі дзясятак палітвязняў. Таму гэта такая спроба скінуць віну на МВФ», – заявіў Сяргей Чалы.

belsat.eu

Стужка навінаў