Міліцыя папярэджвае ўдзельнікаў несанкцыянаваных акцыяў


Чарговая акцыя «Салідарныя з палітвязнямі» пройдзе ў Менску сёння а 19:00. Месца правядзення – Кастрычніцкая плошча.

Сёння ж на сайце ГУУС Менгарвыканкаму з’явіўся відэазварот намесніка начальніка ГУУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Ігара Яўсеева. «Тыя, хто заклікае да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях, і іх удзельнікі будуць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці, а ў выключных выпадках, дзе ёсць дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, – крымінальнай адказнасці», – папярэдзіў ён.

Папярэджанні з’явіліся пасля спробы актывістаў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правесці несанкцыянаваную акцыю салідарнасці з палітзняволенымі ўвечары 21 кастрычніка. Нагадаем, некалькі дзясяткаў чалавек паспрабавалі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы Менску, аднак іх дзеянні практычна адразу ж былі спыненыя працаўнікамі міліцыі. Траіх чалавек затрымалі: аднаго неўзабаве вызвалілі, а двое паўсталі 24 кастрычніка перад судом Цэнтральнага раёну Менску паводле абвінавачання ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых акцыяў. Жыхара Салігорску Сяргея Чаравяку асудзілі на 5 дзён арышту, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Валанцэвіча, які заклікаў грамадзянаў прыйсці на плошчу 24 кастрычніка, – на 7 дзён.

Сёння Генпракуратура паведаміла пра папярэджанне, вынесенае каардынатару кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіму Вінярскаму. Паводле інфармацыі Генпракуратуры, устаноўлена, што менавіта Вінярскі мае непасрэднае дачыненне да распаўсюду ў інтэрнэце матэрыялаў, якія змяшчаюць заклікі да правядзення 24 кастрычніка несанкцыянаваных акцыяў пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску і цэнтральных плошчах іншых населеных пунктаў краіны. Афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць працягу супрацьпраўных дзеянняў, спалучаных з распаўсюджваннем заклікаў да ўдзелу і арганізацыяй несанкцыянаваных масавых акцыяў, адправілі Вінярскаму поштаю.

belsat.eu

Стужка навінаў