Цэнтральны суд Менску асудзіў удзельнікаў акцыі салідарнасці з палітвязнямі, што прайшла 21 кастрычніка на Кастрычніцкай плошчы.
Аляксандру Валанцэвічу прысудзілі 7 дзён арышту, Сяргею Чаравяку – 5 дзён. Іх абвінавацілі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі або пікетавання.
Паводле былога палітвязня Сяргея Казакова, улады свядома абралі шлях павелічэння лічбы палітвязняў.
«Мы выйдзем заўтра, паслязаўтра і раней ці пазней або нас усіх пасадзяць, або нашыя патрабаванні будуць выкананыя. Нашыя людзі не абыякавыя, яны могуць гэта зрабіць. Так, можа быць, нехта баіцца, але ж страх б’е мацней за амапаўскую дубінку, і яго трэба пераадолець», – кажа Сяргей Казакоў.
Паводле сястры Аляксандра Валанцэвіча Алены Леваковай, сёння з палітвязнямі салідарныя ўсе, але толькі ў сваіх кухнях.
«Калі б у кожнай сям’і хаця б адзін чалавек, замест таго каб размаўляць пра гэта ў сваіх куточках, выйшаў на вуліцу і выказаўся, то ўсё б у нашай краіне змянілася. Усіх нас не заб’юць і не перасаджаюць – не трэба баяцца!» – кажа яна.
belsat.eu