Яўгена Васьковіча перавялі ў магілёўскую турму № 4


Прадстаўнікі БХД лічаць, што ў разрад «рэцыдывістаў» Васьковіча залічылі за ягоную прынцыповую пазіцыю.

«Яўген называў існую ўладу фашысцкаю, адмаўляўся выконваць распараджэнні адміністрацыі калоніі. За гэта яго шмат разоў каралі карцарам, пазбавілі магчымасці ліставацца са сваякамі, атрымліваць перадачы і спатканні. Цяпер вось перавялі ў так званую крытку», – паведаміў «Белсату» адказны сакратар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі. Ён таксама гаворыць, што ў пятніцу, 28 кастрычніка, Яўгена Васьковіча наведае адвакат.

Актывіста БХД Яўгена Васьковіча асудзілі на сем гадоў калоніі за спробу падпалу бабруйскага КДБ. Ён адбываў пакаранне ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15. На мінулым тыдні стала вядома, што зняволены з калоніі выбыў. І толькі сёння ягонай маці паведамілі, што сына перавялі ў магілёўскую турму № 4, на тэрыторыі якой месціцца так званая крытка – у ёй утрымліваюцца асуджаныя, якія здзейснілі ў калоніі неаднаразовыя парушэнні.

Апазіцыйныя палітыкі лічаць Яўгена Васьковіча палітвязнем, аднак у асноўны спіс вязняў беларускага рэжыму актывіст БХД пакуль не ўваходзіць. «Праваабаронцы вагаліся, ці можна назваць Яўгена Васьковіча палітвязнем, бо, як яны казалі, яны не валодаюць усёй інфармацыяй па ягонай справе», – гаворыць Дзяніс Садоўскі. Паводле яго, усю неабходную інфармацыю БХД сабрала і перадала на вывучэнне ў праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт. «Пакуль афіцыйнага адказу ад іх мы не атрымалі, але па тэлефоне прадстаўнікі «Вясны» мне паведамілі, што пазіцыю па Яўгену Васьковічу яны скарэктавалі», – гаворыць адказны сакратар БХД.

Стужка навінаў