Пікет на колах


На вокнах уласнага аўта Анатоль Лябедзька размясціў партрэты палітзняволеных.

У вокнах задніх дзвярэй аўтамабіля лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі вісяць партрэты Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Андрэя Саннікава і Алеся Бяляцкага. Палітык гаворыць, што такім чынам імкнецца прыцягнуць увагу грамадства да гэтай праблемы. «Рэакцыя з боку звычайных аўтааматараў і мінакоў эмацыйная і добразычлівая. Рэакцыя з боку сілавых структураў мне не вядомая, бо прэтэнзіяў ад іх пакуль не было», – паведаміў «Белсату» Анатоль Лябедзька.

Палітык дадае, што «сённяшняя перасовачная фотавыстава» – не партыйная акцыя, а ягоная грамадзянская ініцыятыва. Анатоль Лябедзька ўпэўнены: каб прадэманстраваць сваю салідарнасць, не трэба чакаць указанняў або ісці пратаптанымі сцежкамі.

Міжтым актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» зноўку заклікаюць неабыякавых менчукоў сабрацца на Кастрычніцкай плошчы сёння а 19:00. Нагадаем, мінулая акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбылася 21 кастрычніка. У ёй узялі ўдзел каля 30 чалавек, траіх затрымалі. Актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандра Валанцэвіча асудзілі на 7 дзён адміністратыўнага арышту, Сяргея Чаравяку – на 5 дзён. Прозвішча аднаго з затрыманых удзельнікаў акцыі і прысуд яму дагэтуль не вядомыя. Як паведаміла «Белсату» праваабаронца Наста Лойка, гэты чалавек не належыць да апазіцыйных партыяў або структураў і хутчэй за ўсё быў затрыманы выпадкова.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары