Галоўная ўзнагарода на фестывалі ў Польшчы для рэпартажу «Рэаліці-шоу: выбары» (абноўлена)


Рэпартаж «Рэаліці-шоу: выбары», зняты Мікалаем Ваўранюком у межах цыклу «Без рэтушы» тэлеканалу «Белсат», атрымаў галоўную ўзнагароду агульнапольскага конкурсу на Міжнародным фестывалі мастацтва рэпартажу «Camera Obscura» ў г. Быдгашч.

Мікалай Ваўранюк, беларускі тэлежурналіст, які працуе ў Беластоцкім аддзеле польскага грамадскага тэлебачання TVP S.A., распавядае ў сваім рэпартажы пра леташнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Ён аналізуе сітуацыю перад выбарамі, падчас іх і праз некалькі дзён, калі ўлады запусцілі махіну рэпрэсіяў і арыштавалі сотні беларусаў. Аўтар паказаў сітуацыю не толькі ў Менску, але і ў правінцыі. Між іншага – прэвентыўны арышт вядомага мастака і пэрформера Алеся Пушкіна, які жыве ў мястэчку Бобр, і салідарнасць ягоных сяброў. Прэм’ера «Рэаліці-шоу: выбары» адбылася на «Белсаце» ў студзені 2011 г. Каб паглядзець рэпартаж «Рэаліці-шоу: выбары» на сайце тэлеканалу «Белсат» націсніце тут.

Міжнародны фестываль мастацтва рэпартажу «Camera Obscura» ад 2004 г. ладзіць фундацыя «Art-House».

Прапаноўваем вашай увазе інтэрв’ю з Мікалаем Ваўранюком.

– Паводле вашых словаў, гэта была «спроба асэнсавання прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі». Галоўнай высновы – тое, што гэта было рэаліці-шоу, дасюль прытрымліваецеся?

– «Рэаліці-шоу» – гэта было слова амерыканскага палітолага Роджэра Патоцкага, якое я прачытаў у газеце «Наша Ніва». Яе шэф-рэдактар Андрэй Дынько ўжо пасля выбараў сказаў, што апазіцыя сапсавала гэтае рэаліці-шоу. З гэтага я і пачынаю свой рэпартаж, быццам аглядаючыся назад. Сёння я магу сказаць, як і раней, што гэта было рэаліці-шоу з боку ўладаў. Як, дарэчы, кожныя выбары ў Беларусі пры панаванні «першага прэзідэнта». Тым не менш, апазіцыя сапсавала відовішча наколькі магла – і ў цэлым паводзіла сябе годна. Я не пагаджаюся з тымі ацэнкамі, якія асуджаюць апазіцыю за раз’яднанасць, вялікую колькасць кандыдатаў. Ва ўмовах, што склаліся, актыўныя асобы, якім баліць душа за Беларусь, зрабілі ўсё магчымае. І нават больш, ахвяруючы сваім здароўем, свабодаю…

Вось цяпер, амаль праз год пасля выбараў, што дадалі б у свой рэпартаж ці памянялі? Можа, якія іншыя акцэнты, кадры, сведчанні, аналіз?

– У рэпартажы няма выразнай кропкі. Ён – адлюстраванне пэўнага фрагменту беларускай рэальнасці ў снежні мінулага года. Цяпер мы ведаем больш пра паводзіны таго ці іншага героя, эканамічную сітуацыю і г. д. Таму сённяшні фільм, безумоўна, быў бы іншы. Але нагадаю, што і гэты незавершаны, актуальны. Дагэтуль у зняволенні два канкурэнты Лукашэнкі, невядома дзе і як пачуваюцца. Трапляюць у турмы новыя палітзняволеныя. Другога лістапада пачнецца працэс над Алесем Бяляцкім. Жорсткія разгоны маўклівых пратэстаў… Усё тое самае, што і ў фільме. Толькі, мабыць, улады больш баяцца будучыні. Страх быццам вісіць у паветры. Але гэта цяжка паказаць у фільме…

– Чаму апазіцыя брала ўдзел у гульні, вынікі якой былі перадвызначаныя? Ці маглі гэтыя выбары змяніць сітуацыю ў Беларусі?

– Я не магу ацаніць апазіцыю. Не маю ні кампетэнцыі, ні права. Думаю, што яна зрабіла ўсё, каб паказаць абсурднасць тае сітуацыі, у якой ёй даводзіцца дзеяць. Пры аўтарытарызме ацэньваць тых, каму нічога не дазваляецца, выбачайце, нетактоўна.

– Уганараванне вашай працы на фестывалі «Camera Obscura» – што гэта для вас?

– Узнагарода, думаю, кожнага чалавека цешыць. Тым больш яна каштоўная, што прысудзілі яе прафесіяналы на важным фестывалі. Безумоўна, мне і маім калегам – аператару Кшыштафу Венцкоўскаму і гукааператару Андрэю Тафілюку – пашчасціла быць там, дзе праходзілі важныя, драматычныя падзеі. Для кожнага журналіста гэта падарунак лёсу. Але (скажу нясціпла) тое, як мы паказалі гэтыя падзеі, ёсць нашаю заслугаю.

Кароткая аўтабіяграфія:

«Нарадзіўся ў 1966 г. у вёсцы Вялікія Тыневічы на Беласточчыне, непадалёк Белавежскай пушчы. Пачатковую школу скончыў у вёсцы, сярэднюю ў Гайнаўцы, а пазней вывучаў гісторыю ў Варшаўскім універсітэце. З 1991 да 1997 гг. працаваў у тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва», адкуль перайшоў у наваствораны Беластоцкі аддзел Польскага тэлебачання, дзе застаюся і цяпер. Працую практычна з усімі каналамі польскага дзяржаўнага тэлебачання. Асноўныя тэмы для рэпартажаў шукаю на роднай Беласточчыне і ў блізкай мне Беларусі. Лічу за гонар магчымасць працаваць з тэлеканалам «Белсат».

Стужка навінаў