Начальства калоніі – Бандарэнку: Час папраўляцца


Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, пераведзены з санчасткі ў каранцінны блок Магілёўскай калоніі № 15.

Пра гэта паведаміла жонка вязня Вольга Бандарэнка. Паводле яе, муж даслаў кароткі ліст. “Ну вось, лібералізацыя. Мяне перавялі ў памяшканне каранціну. Можа, у найбліжэйшую сераду, можа, праз тыдзень падымуць у які-небудзь атрад, – піша палітык. – Усё абяцанні “начмеда” пра тое, што мінімум да Новага года будуць трымаць у медчастцы, забытыя. Пра здароўе можна забыцца”.

Як паведаміла Вольга Бандарэнка, цягам апошняга месяца начальства калоніі настойліва цікавілася здароўем Змітра. “У медчастку ён быў змешчаны адразу ж пасля прыбыцця ў калонію. Цягам апошняга месяца начальства пыталася ў яго, як здароўе, і казалі яму, што час бы ўжо і паправіцца. Зміцер казаў, што пасля аперацыі ў 5-й клінічнай бальніцы Менску яму паведамілі, што рэабілітацыйны перыяд мусіць скласці не менш за шэсць месяцаў”, – сказала Вольга Бандарэнка.

Таксама, паводле яе, начальства калоніі да гэтага часу адмаўляе вязню ў атэстацыі. “Атэстацыя патрэбная, каб падаць дакументы ў суд на змякчэнне прысуду. Тым больш Зміцер ужо адбыў траціну ад тэрміну пакарання, і са здароўем у яго праблемы”, – адзначыла жонка.

Зміцер Бандарэнка асуджаны за падзеі 19 снежня на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля арышту ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, і 26 ліпеня яму зрабілі аперацыю на храбетніку.

20 жніўня скончылася траціна тэрміну зняволення Бандарэнкі. Згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму адмовілі – як мяркуюць родныя і паплечнікі Змітра, з надуманых прычынаў.

У верасні стала вядома, што Зміцер Бандарэнка намінаваны на прэмію Еўрапарламенту ім. Андрэя Сахарава “За свабоду думкі” з ініцыятывы польскага парламентарыя Марэка Мігальскага.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары