Памежнікі ляталі на няспраўным «Еўракоптэры»?


Паводле папярэдніх звестак, прычынаю крушэння верталёта беларускай памежнай службы непадалёк мяжы Беларусі і Літвы была тэхнічная няспраўнасць. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Ігар Рачкоўскі. Паводле яго, на месца аварыі з Францыі 22 кастрычніка прыбылі прадстаўнікі кампаніі «Eurocopter», якая выпускае верталёты гэтай мадэлі, і фірмы «Turbomeca», якая паставіла рухавікі для верталёта «Ecureuil АS 355 NP».

У той жа дзень адбылася аператыўная нарада з удзелам дзяржкамісіі, Беларускай вайсковай пракуратуры і французскіх экспертаў.

«Хацелася б сказаць некалькі словаў, каб развеяць асобныя домыслы», – адзначыў Рачкоўскі. Ён патлумачыў, што як на беларускім, так і на літоўскім баку былі сведкі, якія бачылі сам момант аварыі.

«Верталёт ішоў уздоўж лініі мяжы і пачаў круціцца вакол сваёй восі супраць гадзіннікавай стрэлкі: хутчэй, хутчэй і хутчэй… Пасля гэтага ўпаў. Папярэдне спецыялісты ўсе гавораць, што тут найбольш імавернаю прычынаю можа быць страта кіравання, гэта значыць тэхнічныя няспраўнасці ў кіраванні… Гэта тое, што ўжо найбольш пацверджана», – заявіў прадстаўнік ДПК.

«Еўракоптэр» органаў памежнай службы Беларусі са здымачнаю групаю ТРА «Саюз» на борце разбіўся 20 кастрычніка каля 15:45 у раёне вёскі Вілейты Пастаўскага раёну Віцебскай вобласці прыкладна за кіламетр ад беларуска-літоўскай мяжы. Агулам на борце было пяць чалавек: два чальцы экіпажу і тры прадстаўнікі ТРА «Саюз». Верталёт упаў і загарэўся. Усе людзі загінулі. «Еўракоптэр» выконваў планавы палёт для аховы дзяржаўнай мяжы.

btlsat.eu

Стужка навінаў