Савет міністраў збіраецца шукаць “эканамічных дармаедаў”


Такім чынам улада хоча высветліць, з аднаго боку, рэальны ўзровень беспрацоўя, а з іншага – выявіць эканамічна пасіўных грамадзянаў. Згодна з пастановаю №1605 ад 1 лістапада 2010 года.

Афіцыйная беспрацоўе ў Беларусі – усяго каля 1%. Менавіта столькі стаіць на ўліку ў службах занятасці. Але шмат беларусаў працуюць неафіцыйна: ездзяць на заробкі за мяжу, працуюць у Беларусі “на сябе”, атрымліваюць зарплату у капэртах.

Паводле эканаміста Леаніда Заікі, ад 600 тысяч да 1 мільёна беларусаў працуе за мяжою. «Атрымліваецца палітычная і сацыяльная неадпаведнасць, калі ўзровень беспрацоўя – каля 1%. Насамрэч людзей, якія не знайшлі вартай працы з заробкам, які б задавальняў іх, значна больш. Думаю, што адна з мэтаў Савету міністраў, – выявіць людзей, якія нядрэнна зарабляюць і здольныя забяспечыць свае сем’і, але не хочуць плаціць падаткаў», – падкрэсліў эканаміст у інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

Такую палітыку неэфектыўнай лічыць юрыст і дырэктар кампаніі “Юрыдычныя тэхналогіі бізнесу” Цімур Пракаповіч. “Насамрэч змяніць сітуацыю са схаваным беспрацоўем можна праз зніжэнне падатковага цяжару на юрыдычных асобаў. А ўсе гэтыя адсочванні прывядуць толькі да таго, што людзі будуць шукаць іншыя спосабы, больш вытанчаныя, каб схавацца ад падатковай інспекцыі”.

belsat.eu

Стужка навінаў